Прапаноўваю табе згуляць у сьледзтва. Зыходныя прынцыпы простыя: ты затрыманы (а пасьля арыштаваны) у сувязі з сваёй дзейнасьцю ў падпольлі. Ты не адзін, разам з табой арыштавалі групу тваіх паплечнікаў. Юрыдычнае азначэньне ня важнае (пад сьледзтвам яно, як правіла, мае папярэдні характар).
Я - сьледчы, прызначаны маім начальнікам для допыту менавіта цябе. Сьледзтва зьяўляецца барацьбой за інфармацыю. Вядома, інфармацыю на тэму дзейнасьці тваёй групы мы сабралі апэратыўнымі мэтадамі (сачэньне, падслухоўваньне, праз агентаў, якія дзейнічаюць у тваім асяродку); нягледзячы на вялікія тэхнічныя магчымасьці, апэратыўны матэрыял, аднак, як звычайна, ня поўны. Але што больш важна, яго нельга выкарыстоўваць як доказ у судовым паседжаньні. Суд ня прыме ў якасьці доваду здымкі, якія зрабіў наш агент (стаіш каля дому з Іксом), стужкі з запісам падслуханай тэлефоннай размовы.
Для суду істотным доказам будзе выключна прызнаньне аднаго з вас дваіх або паказаньні трэціх асобаў, якія ведалі пра вашы ўзаемасувязі. Значыць, патрэбны твае паказаньні, фармальна і ў адпаведанасьці з працэдурай, надрукаваныя на друкарскай машынцы, на блянку пэўнай формы, з тваім подпісам на кожнай старонцы. Яны патрэбныя ня толькі для таго, каб падрыхтаваць судовы працэс, у якім ты, Ікс і астатнія асобы будзеце асуджаныя і прыгавораныя. Ці дойдзе справа да суду і каго ў ім у рэшце рэшт будуць судзіць, ад нас мала залежыць: такога кшталту рашэньне ў нашай сыстэме палітычнае, а не паліцэйскае. Фармальна-прававая разьвязка тваёй справы ў вялікай ступені будзе залежаць ад непрадбачанай палітычнай каньюнкту ры. Аднак твае паказаньні патрэбныя нам ня толькі дзеля таго, каб цябе асудзіць. Нам таксама трэба павялічыць нашыя паліцэйскія картатэкі любой інфармацыяй аб людзях, якія займаюцца апазыцыйнай дзейнасьцю.
Нам трэба таксама разбурыць сувязі з тваімі таварышамі.
праграма-максымум - гэта палажэньне, калі ты выйдзеш адсюль у якасьці нашага супрацоўніка (што насамрэч можам арганізаваць). Аднак будзе дастаткова, калі выйдзеш адсюль скампрамэтаваным чалавекам, што даў паказаньні, якія абцяжарваюць тваіх сяброў. Дастаткова, калі выйдзеш зламаным чалавекам, з пачуцьцём жыцьцёвага краху і бессэнсоўнасьці далейшага ўдзелу ў апазыцыйнай дзейнасьці. Таму нам так патрэбныя твае паказаньні.
Да гэтага часу ты ўпарта маўчыш. Я буду старацца вымусіць цябе гаварыць. Я маю шмат часу, а час працуе на маю карысьць. Адзінота, стрэс, абумоўлены знаходжаньнем у турме, паступова здымаюць тваю несаступлівасьць. Я маю вялікі службовы досьвед: умею карыстацца ветлівасьцю і крыкам. Ведаю, калі частаваць цыгарэтай, а калі ляпаць кулаком па стале. Твае псыхалягічныя рэакцыі па вяртаньні з допытаў мне добра вядомыя. Мяне інфармуе твой сукамэрнік, які працуе на КДБ у якасьці агента ў камэры. Натуральна, ты не настолькі неасьцярожны, каб яму даверыцца, але ня здолееш прыкідвацца, што сьпіш, калі ты пакутуеш ад бяссоньніцы, чытаць, калі цябе ахоплівае панічная гонка думак. У рэшце рэшт, усё ж такі шмат зь ім гаворыш - значна больш, чым табе падаецца.
Саманадзейны ў нейкай каштоўнасьці (цалкам мне чужой і вартай нагадваньня толькі ў той ступені, у якой яна можа быць выкарыстаная ў якасьці аргумэнту, які перапыняе тваё маўчаньне), ты думаў, што ОРГАНАМ будзе цяжка весьці сьледзтва па тваёй справе, якая для цябе была натуральным чынам чыстая. Твая ідэалёгія і твая мараль - адпаведным чынам выкарыстаныя спэцыялістам, якім я зьяўляюся, - у сьледчай сытуацыі могуць быць ужытыя для разьмякчэньня цябе. Пакарыстаемся імі тады, калі станецца так, што ня будуць дзейнічаць твае прымітыўныя эгаістычныя інстынкты - страх перад турмой і жаданьне хутчэй выйсьці адсюль. Калі не пачнеш даваць паказаньні, абараняючы сябе, - можа быць, захочаш абараняць іншых, абараняць справу, даказваць чысьціню сваіх намераў і мэтадаў барацьбы. Любы мэтад добры. Размова ідзе пра тое, каб ты пачаў даваць паказаньні.
А вось узоры, якім чынам я буду з табою размаўляць. Я буду карыстацца старымі, праверанымі прыёмамі. Нават дзіўна, што на 90 % яны эфэктыўныя.
Адчуй сытуацыю. Не чытай у сьпешцы. Рабі паўзы пасьля кожнага майго аргумэнту. Можаш карыстацца мэтадам псыхадрамы. Папрасі таварыша сыграць маю ролю. Друкаваныя словы няхай ператворацца ў голас сьледчага. Правер свае псыхалягічныя рэакцыі. Адкінь усялякае жаданьне весьці палеміку, пераўпэўніваць мяне, тлумачыць мне. Заставайся маўклівы.
пасьля абдумай тыя выпадкі, у якіх ты зрэагаваў востра эмацыйна. Прадумай ці абмяркуй зь сябрам прычыны, дзеля якіх нават у гэтых найцяжэйшых для цябе варунках - варта было маўчаць. Магчыма, гэта табе калі-небудзь спатрэбіцца.
1. Калі ты не дасі паказаньняў пра тое, што я ў цябе пытаю, - на жаль, мы будзем вымушаныя цябе затрымаць. Калі ты хочаш пайсьці адсюль дадому - прашу даць простую інфармацыю: ад каго ты атрымаў гэтыя ўлёткі?
2. Твая справа нескладаная і толькі з прычыны асабістай упартасьці ты вінаваты, што пракурор вырашыў цябе затрымаць. Такіх простых спраў аб улётках у нас насамрэч мноства. Мы ж ня можам арыштоўваць усіх затрыманых з улёткай. Як органы перасьледу, мы ведаем, што тыя, хто адразу нам скажа, адкуль, дзе, ад каго атрымалі ўлёткі, не настолькі задзейнічаныя ў распаўсюджваньні ўлётак, каб варта было іх арыштоўваць. Нас цікавяць тыя, хто працуе оптам, а не ў раздроб. А аптавікі наогул адмаўляюцца ад паказаньняў. Так, як і ты. Пасядзіш для пачатку тры месяцы - тады вырашыш даваць паказаньні.
3. Ты атрымаў санкцыю пракурора, таму што не хацеў казаць. Я зачытваю табе паказаньні Ікса. Ты яго выдатна ведаеш. І ты ведаеш, што яго ўдзел у вашай дзейнасьці быў большым, чым твой. Ікс на дадзены момант на свабодзе.
4. Любы пракурор і любы суд расцэняць тваё маўчаньне як абцяжваючыя абставіны. Гэтаму адпавядае параграф у кодэксе. Пра тое, што суд пры вызначэньні пакараньня бярэ пад увагу паводзіны абвінавачанага пасьля ўчыненьня злачынства, а значыць, шчырае прызнаньне віны, раскрыцьцё органам абставінаў сваёй злачыннай дзейнасьці і г. д. Гэта заўсёды можа быць падставай для спыненьня часовага арышту, закрыцьця справы, а ў сытуацыі, калі дойдзе справа да суду, гэта зьяўляецца гарантыяй, што атрымаеш мінімальны тэрмін (напрыклад, з адтэрміноўкай выкананьня).
І для суду ня будзе ўсё роўна, ці пачаў ты даваць паказаньні адразу альбо празь некалькі месяцаў з пачатку сьледзтва.
5. Маўчыш, герой. Æарэш народны хлеб, а цяпер маўчыш, як вораг. Мы тут размаўляем з табой таму, каб аддзяліць тых, хто жадаў дабра для краіны, ад ворагаў, але быў выкарыстаны сапраўднымі ворагамі. А ты - вораг, і з такімі, як ты, мы разьлічымся раз і назаўсёды. Выйдзеш такім як ёсьць, абарванцам.
6. Спадарыня, вам 30 гадоў, у вас двое дзяцей. У нас шмат матэрыялаў, якія абцяжарваюць вашую віну. Можам вас або абвінаваціць у распаўсюджваньні прафсаюзнай прэсы, альбо ўва ўдзеле ў злачыннай арганізацыі, якая мела за мэту зьвяржэньне існага ладу. У другім выпадку вас будзе судзіць ваенна-палявы суд. Як мінімум, вам сьвеціць 5 гадоў. А вы ведаеце, што для жанчыны ў турме гэта значыць штосьці іншае. Калі вы выйдзеце, будзеце састарэлай жанчынай. І запытайце сваіх сукамерніц - тых, хто прыйшоў з турмаў, - колькі жанчын зь пяцігадовымі прысудамі маюць да каго вярнуцца. Я, натуральна, маю на ўвазе мужа. Можа, гэта выстаўляе нас не ў найлепшым сьвятле, але гэта жыцьцё. Так можна лягчэй заключыць простую дамову: вы нам распавядаеце ўсё пра свае сувязі ў рэгіёне, мы гэта пакідаем у сябе, а вам арганізуем справу аб распаўсюджваньні ўлётак Свабоднага прафсаюзу. І тады вы маеце шанец выйсьці з залі суду - атрымаеце два гады з адтэрміноўкай выкананьня ці штосьці ў гэтым родзе.
7. Я цытаваў вам, спадар, фрагмэнты паказаньняў іншых асобаў, арыштаваных па той самай справе. Вашыя калегі настолькі пачцівыя, што прызналіся ўва ўсім, што ўчынілі. Можна зь імі не пагаджацца, але нельга адмовіць у павазе. Вы ж звычайны баязьлівец.
8. Пасьля вочнай стаўкі з Іксом у вас, напэўна, не засталося сумневаў, што вашыя калегі даюць нам дастаткова шчырыя прызнаньні. І не сумнявайцеся, што вы ўсе ў нас у поўным камплекце. Дасьведчаныя рэцыдывісты правільна сьцьвярджаюць - вы атрымаеце магчымасьць паразмаўляць зь імі ў турме, - што ўсялякая справа, у якой ёсьць суўдзельнікі, заўсёды наперад прайграная ў момант арышту. Групу заўсёды ўдаецца разгаварыць. Гэта, будзьце ўпэўненыя, апраўдваецца і ў справах аб шпіянажы, і ў афэрах гаспадарчых, і ў справах валютных. І да вашага ведама, у любой справе арыштаваныя, рана ці позна, пачынаюць гаварыць. Напрыклад, у вашай групе загаварылі ўсе. Толькі вы не рашаецеся, і гэта будзе вам дорага каштаваць. Бо, як бачыце, усе ў рэшце рэшт жадаюць уратаваць сваю шкуру. А абараняючы сваю шкуру, перакідваюць сваю адказнасьць на сутаварышаў. І той, хто маўчыць, становіцца ўсё болей абцяжараным паказаньнямі іншых, а калі нарэшце рашаецца гаварыць - ужо позна. Суд заўсёды верыць таму, хто першы даў паказаньні. Таму вернемся да фрагмэнту паказаньняў вашага калегі Ікса, які сьцьвярджае, што гэта вы даручылі яму арганізацыю паштовых скрыняў для кантактаў у Горадні, Берасьці, а таксама арганізацыю кансьпіратыўных сходаў з удзелам духоўных асобаў...
9. Спадарыня напэўна ня любіць свайго дзіцёнка, бо аддае перавагу сядзець у турме замест таго, каб заняцца ім. А дзіцёнак плача цэлымі днямі і ходзіць па суседзях, бо баіцца заставацца адзін дома. Відаць, давядзецца пазбавіць вас бацькоўскіх правоў, бо па гэтым канале праходзілі матэрыялы, якія маюць значэньне для бясьпекі краіны. Калі вы не жадаеце атрымаць справу аб шпіянажы - маеце толькі адзін спосаб гэтага пазьбегнуць: указаць асобу, ад каго вы атрымалі гэтыя матэрыялы. Калі гэты чалавек дасьць паказаньні, што гэта былі нейкія газэткі, то на наступны дзень вы будзеце вольныя.
10. Давайце згуляем з адкрытымі картамі. Мы ведаем, што вы перадавалі пэўныя матэрыялы за мяжу. Мы ведаем пра гэты канал перакідкі. Са зьвестак контравыведкі мы таксама ведаем, што праз гэты канал праходзілі матэрыялы, якія маюць значэньне для бясьпекі краіны. Калі вы не жадаеце, каб мы завялі справу аб шпіянажы - маеце толькі адзін спосаб гэтага пазьбегнуць: назваць асобу, ад якой вы атрымалі матэрыялы. Калі гэты чалавек дасьць паказаньні, што гэта былі нейкія газэткі, то на наступны дзень вы будзеце вольныя.
11. Мы ведаем, што вы дзейнічалі з ідэйных і маральных меркаваньняў. Людзі, што ўцягнулі вас у гэтую дзейнасьць, пэўныя рэчы для вас перабольшылі, выкарысталі вашую даверлівасьць, адсутнасьць досьведу і імкненьне да нейкага аўтарытэту. Зрэшты, мы таксама згодныя, што ўлады ня мелі рацыю да лістапада - і ня толькі да лістапада. Толькі і ўсяго, што вы сталі іх зброяй і не ўяўляеце, што гэта за людзі, якія іх палітычныя мэты, якія іх сувязі і знаёмствы. Ці ведаеце вы, напрыклад, што такі паважаны вамі кіраўнік рэгіянальнай групы ў сталінскія часы быў перакананым атэістам, у часы Гамулкі - агентам Візэнталя, што той тып мае рахунак у заходніх банках, езьдзіць на «мэрсэдэсе» і забясьпечаны да канца жыцьця. І нават той, здавалася б, сьціплы Ікс - ваш непасрэдны начальнік, хіба ён калі-небудзь казаў вам тое, колькі даляраў і ад каго атрымаў цяпер, падчас ваеннага становішча, на гэтую вашу дзейнасьць? Вам канкрэтныя доказы?
12. Спадарыня мае дзяцей? Я ўжо забыў. Не? Гэта добра, гэта вельмі добра, што менш людзей будзе пакутаваць! Аднак з другога боку, калі вас напаткае клімакс, тады для вас усё будзе страчана.
13. Вы разумееце, што матэрыялы, сабраныя сьледзтвам, дазваляюць абвінаваціць вас у шпіянажы і неадкладна перадаць справу ў ваенны суд? Вы ведаеце, што на прадпрыемствах Ікса ўвесь час выраблялася зброя? Вы ведаеце, што рабілася ў аддзеле п-8? Вы ня ведаеце? Затое мы ведаем, каму з п-8 перадавалі грошы. І пасылкі. Гэта называлася нібыта «дапамогай для рэпрэсаваных». Ды вы ня маеце ўяўленьня пра пэўныя ўзаемасувязі. Гэта выбрыкі выведвальных службаў - і мы запэўніваем, што любая выведка заплаціць любыя грошы за такую нявінную інфармацыю, як прозьвішчы і адрасы асобаў, звольненых за парушэньне працоўнай дысцыпліны з аддзелаў вытворчасьці ўзбраеньняў. Нават за п'янства. А тым болей за забастоўку. Бо для любой выведкі гэта патэнцыйныя агенты. І вы прымалі ўдзел у тым, што было звычайнай вэрбоўкай агентаў. Мы толькі ня ўпэўненыя - вы прыкідваліся дурнем ці былі настолькі наіўным, што вамі карысталіся як сродкам у звычайнай бруднай шпіёнскай працы? Хіба мы шмат ад вас патрабуем? Æадаем ведаць - але дакладна, з падрабязнасьцямі, - хто акрамя вас на гэтым прадпрыемстве арганізаваў гэтую дапамогу для рэпрэсаваных. Бо калі гэта звычайная дапамога, то за гэта нікому нічога ня будзе, так што можаце маўчаць далей. І будзьце асьцярожныя, пасьля выхаду адсюль - што, зрэшты, адбудзецца няхутка - вас змогуць зьбіць на пераходзе ці знайсьці ў сваёй кватэры з усімі прызнакамі самазабойства. Вывведкі ўмеюць гэта інсцэнаваць.
14. Мы ведаем, што неаднаразова Ікс перадаваў вам пэўныя сумы грошай, зь якіх вы павінны былі частку перадаць на стварэньне пунктаў афсэтнага друку, частку ж перадаць на дапамогу для сем'яў арыштаваных. Ікс шчыры ў размовах з намі і да дробязяў дакладны. Мы нават ведаем, у якой колькасьці і дзе ён мяняў грошы. Ікс скардзіўся, што вы ніколі не давалі справаздачы за гэтыя грошы. Вы не жадаеце казаць, колькі і каму вы перадалі. З пункту гледжаньня прапаганды нам будзе прасьцей паказаць вас у судзе як звычайнага падманшчыка ці махляра. Атрымаецца выдатненькая справа з прысваеньнем круглай сумы састарэлым плэйбоем, які ў сваёй установе рабіў выгляд падпольнага дзеяча. А сьведкі на тое, што вы спусьцілі грошы, выдаткаваныя на друк, у начных бардэлях, у нас заўсёды пад рукой. Вы, відаць, ведаеце, што кожная другая прастытутка працуе на нас. Карацей кажучы, перад вамі выбар: даць патрэбныя паказаньні і сесьці на лаву падсудных у працэсе падпольнай «Салідарнасьці» разам зь людзьмі, якія маюць нейкую палітычныю вагу, ці… Ці праз сваю дуркаватую ўпартасьць забясьпечыць сабе маленькі, ціхі працэсік з гарадзкімі прастытуткамі з начных бардэляў у якасьці сьведкаў абвінавачань ня. Прапаную яшчэ раз гэта абдумаць.
15. Маўчаньнем вы шкодзіце ня толькі сабе, але і ўсім астатнім. На папцы з улёткамі, якая была знойдзена падчас вобшуку ў вашай кватэры, запісаны тэлефон спадарыні Н. Мы яе затрымалі. Як вы ведаеце, яна асоба псыхічна няўстойлівая. Цяжка гэтаму зьдзіўляцца - дома пакінула малога дзіцёнка. Мы атрымалі ад яе паказаньні і да раніцы будзе вырашана, атрымае яна санкцыю на арышт або будзе выпушчаная пад залог. На жаль, яе тлумачэньні прымітыўныя і сьлізкія - пракурор будзе схільны прымяніць арышт, баючыся ашуканства. А вы яму дапамажыце прыняць рашэньне, калі не жадаеце адказваць на простыя пытаньні - адкуль у вас яе тэлефон і што вас зь ёю зьвязвала?
16. Як вы добра разумееце, мы арыштавалі вас, спадарыня, дзякуючы паказаньням спадарыні Н. Вы ж ведаеце, што яна заўсёды была асобай псыхічна няўстойлі вай. Пасьля дачы шчырых, вычарпальных паказаньняў нечакана зламалася і спрабавала скончыць жыцьцё самагубствам. Псыхіятар паставіў дыягназ - дэпрэсія, і цяпер яна знаходзіцца ў спэцаддзяленьні для падсудных. Вы ведаеце, спадарыня, там дастаткова цяжкія ўмовы, нават для здаровых людзей. Мы абое ведаем, што менавіта вы ўцягнулі сваю сяброўку ў антыдзяржаўную дзейнасьць і ў вашай арганізацыйнай структуры вы былі ў пэўным значэньні яе начальніцай. З усімі наступствамі, у прыватнасьці маральнымі, якія з гэтага выцякаюць. Калі б мы мелі вашыя паказаньні, ну проста паказаньні, то ўдзел гэтай псыхічна хворай дзяўчыны зводзіўся б да некалькіх выездаў у суседнюю вобласьць (па вашым загадзе) і да нерэгулярнай дапамогі пры транспартаваньні літаратуры, дык насамрэч мы маглі б яе зараз выпусьціць. Мы таксама не зацікаўленыя ў турэмных самазабойствах, а з гэтай дзяўчынай можа здарыцца рознае... Так што давайце дамовімся. Спыненьне часовага арышту знаходзіцца ў вашых руках.
17. Спадар, вашая нявеста арыштавана па гэтай самай справе, спрабуе вас абараніць. Даўно дае паказаньні. Мы вам зачытвалі ўрывак зь яе тлумачэньняў. Бо як прывыклі дзейнічаць у гэтых сытуацыях жанчыны - перабольшвае свой удзел у справе, бярэ на сябе тое, што, вядома, было вашай дзейнасьцю, атрымоўвае такім чынам вялікі тэрмін. Можа, у рэшце рэшт, вы паставіцеся да яе паказаньняў крытычна, але самі бачыце, што яна ўсё блытае. Ня кожны такі псыхічна ўстойлівы, як вы. А з другога боку, скажу вам па-сяброўску, хаця, можа, і не павінен гэтага рабіць, назіраньне з асабістай практыкі. Вы гуляеце ў карты? Ну так скажыце, каму лягчэй віставаць - таму, хто лепш гуляе, ці таму, хто гуляе горш? Калі б вы былі разумным гульцом, вы б вялі гэтую гульню. Так, каб я мусіў дапытваць вашу нявесту, падрыхтаваны ўжо вашымі паказаньнямі, а не наадварот. Зрэшты, навошта я вам гэта тлумачу? Высакародных учынкаў вы ня робіце. Часта нават сутэнэры вырашаюць такога кшталту дылемы маральнага характару больш рыцарскім спосабам. Герой падпольля, чорт вазьмі! Спакойна чакае, пакуль жанчына за яго атрымае прысуд.
18. Спадар ведае, што антыдзяржаўныя матэрыялы мы знайшлі ня ў вашай прыватнай кватэры (якой у вас няма), а ў кватэры вашых бацькоў. Вы ведаеце, дзе і на якой пасадзе працуе ваш бацька. Вы не жадаеце нам паведаміць, адкуль гэтыя матэрыялы там узяліся? Тым самым вы дазваляеце дапусьціць, што яны ў аднолькавай ступені маглі належаць вашаму бацьку. І мы вырашылі гэта праверыць. Толькі пасьля гэтай праверкі, вы ж у гэтым не сумняваецеся, ваш бацька стане апошнім чалавекам. Здаецца, яму засталося два гады да пэнсіі, ці ня так?
19. Вы інтэлігентная маладая жанчына. Паспрачаемся, што вы маеце пэўную ідэалёгію, нейкія погляды, нейкую праграму. Затое падчас сьледзтва вы паводзіце сябе, як поўная ідыётка. Штосьці ўзяла, штосьці прынесла, з кімсьці сустрэлася. Гэта вядома з паказаньняў іншых. Аднак тыя, іншыя, пры дачы паказаньняў неяк паказваюць сябе. Напрыклад, Ікс напісаў нам сваё поўнае палітычнае крэда. І ён на сваім працэсе выступіць як дзяяч. А вы на гэтым працэсе паўстанеце яго каханкай, якую ён выкарыстоўваў у якасьці кансьпіратыўнай дзяўчынкі на пабягушках. Ня ведаю, ці падабаецца вам гэтая роля.
20. Вашы сябры з гэтага, як вы кажаце, «падпольля» ўвесь час паводзілі сябе як дылетанты. Не трымаліся правілаў кансьпірацыі. Вы вінаватыя ў іх глупствах і неасьцярожнасьцях, бо вас так хутка арыштавалі. Мы ведаем, што вы значна лепш - арганізацыйна і прафэсійна. Калі б гэтая група працавала згодна з вашымі прынцыпамі (пра што мы ведаем дзякуючы паказаньням Ікса) - значна цяжэй было б вас выкрыць. Вы - прафэсіянал высокага ўзроўню, і мы ўмеем цаніць прафэсіянала. На жаль, вы зьвязаліся з бандай саплякоў. І вы бачыце - працэс вашай групы (як і іншыя працэсы) калісьці стане матэрыялам для гісторыка. І будучы гісторык ацэніць вас або як арганізаванае, палітычна мудрае падпольле, або як слабакоў. І ці захочаце вы рэканструяваць арганізацыйныя прынцыпы вашай сеткі распаўсюджваньня падпольнай літаратуры?
21. Так што гэта вы будзеце тым другім эшалонам, які бутэлькамі з палівам будзе зьнішчаць войскі і міліцыю? Не абарочвайся. Мае калегі нічога ня робяць, толькі стаяць. Мы маем час. Ну, хто гэта табе даў?
22. У вас перад носам брашурка. Што гэта, на вашую думку? Хто гэта напісаў? Зь якой мэтай? Вы маўчыце? Вас вучылі маўчаць. Рознымі мэтадамі. Некалі існавала такая інструкцыя пра тое, як уставаць і сядаць, выпіскі з кодэксу з скажоным тлумачэньнем законаў. «Грамадзянін і служба бясьпекі». Вось гэты тэкст. Вы ведаеце, што гэта? Звычайная шпіёнская інструкцыя. Тэкст інструкцыі, якая павінна дапамагчы ў выпадку правалу. Вы ведаеце, на падставе чаго гэта было распрацавана? Вось фатакопія, якую наша контрразьведка атрымала ў адным з цэнтраў амэрыкнскае выведкі - Усходнеэўрапейскім сэктары. «Sensitivity Training as a Tool for Strengthening the Resistance to Brain-Washing». Калі вы ня ведаеце ангельскай, перакладаю: «Трэніроў ка адчувальнасьці ў якасьці супрацьдзеяньня прамываньню мазгоў». Паглядзіце і параўнайце. Усе 22 пункты адпавядаюць - ці ня праўда? Вы і далей будзеце маўчаць у адпаведнасьці з гэтай шпіёнскай інструкцыяй? |