карта сайта :: дадаць у выбранае

навіны :: фотаархіў :: download :: матэрыялы ў смі :: зваротная сувязь

Малы Канспіратар
07.02.2007 - 00.09
«Малы кансьпіратар» - зборнік артыкулаў, напісаны часова свабоднымі людзьмі. Калі прачытаеце першы разьдзел, магчыма, вы ўжо ня будзеце мець патрэбы ўва ўжываньні парадаў з двух наступных. Калі пазнаёміцеся з другім разьдзелам - будзеце ведаць, на якой прававой падставе вам нельга прышыць тэрмін за чытаньне трэцяга, а калі прачытаеце трэці - будзеце цьвёрда ведаць, чаму найлепей маўчаць пра тое, што вы наогул бралі ў рукі гэтую кніжачку.

ЯК ПРАЦАВАЦЬ У ПАДПОЛЬЛІ

У Польшчы пачатак барацьбы з чырвонымі для адных быў у 1944 г., для другіх - у 1956-м, для трэціх - у 1976-м. Ёсьць тыя, што за пачатак бяруць стварэньне «Салідарнасьці», а для некаторых гэта пачалося пасьля польска-ярузэльскай вайны. Дакладна вядома адно: дата 13 сьнежня 1981 г. дазволіла кожнаму з нас усьвядоміць сэнс падпольнай працы. Ня трэба было нікога запэўніваць пасьля дэманстратыўных дзеяньняў мужных людзей, якія дапамаглі пераадолець страх і паказалі, што падпольнае жыцьцё дае нам шанец разьвіцьця да свабоды. Толькі ў падпольлі мы былі ўпэўненыя, што грамадзкая арганізацыя, якую мы стварылі, ня будзе зьнішчаная з дня на дзень.

З чырвонымі нельга вызначыць межы кампрамісу, якія б задавальнялі абодва бакі. Чырвоны ведае толькі прынцып пальца і рукі: дасі яму палец - не пасьпееш азірнуцца, як ня стане рукі.

У аснове падпольнай барацьбы ляжыць факт, што нелегальнай зьяўляецца сама ўлада і яе дзеяньні. Яна не прытрымліваецца ня толькі Хартыі правоў чалавека, якія яна ратыфікавала, і Канстытуцыі, якую зацьвердзіла, але нават выканаўчых падзаконных актаў, абавязковых для яе паліцыі, такіх, як забарона выкарыстаньня дубінак у зачыненых памяшканьнях.

Падпольле

Усім вядомы «ідэал» кансьпірацыі: зачыніцца ў чатырох сьценах і нічога не рабіць, каб нас не накрылі. Падпольная праца заключаецца ня ў тым, што ты сядзіш у склепе і пасылаеш сувязных на ўсе чатыры бакі сьвету. Кансьпіратар, якога шукае паліцыя, - гэта не «чалавек, за якім ходзяць», а той, пра якога КДБ ня ведае, дзе ён жыве і бывае. Па сутнасьці, кансьпірацыя знаходзіцца на паверхні - але ня той, па якой ходзяць кадэбэшнікі.

Калі ўступаеш з кімсьці ў змову, гэта ня можа быць чалавек ніадкуль. Ён павінен мець пэўныя рэкамэндацыі. Блізкіх памочнікаў шукай сярод правераных і вядомых табе людзей. Толькі калі ўтворыш сетку асноўных кантактаў і справа пачне круціцца, можаш даверыцца пасярэднікам. Калі адразу будзеш гуляць у вялікага кансьпірата ра - узьнікне небясьпечнасьць таго, што вырасьце ланцуг пасярэднікаў. Яны будуць прыхільнікамі справы Радзімы, але нічога рабіць ня будуць. Дастаткова аднаго міфамана, рэкамэндаванага табе праз трэція рукі, каб стварыць структуру дзеля самой сябе і якую ты будзеш вымушаны дэмістыфікаваць на працягу месяцаў.

Нягледзячы на тое што ў народзе жыве памяць Самас'еры, мужных ня так шмат. Таму беражы бясьпеку сваіх супрацоўнікаў і сваю асабістую бясьпеку. Часта ў пачатку арганізацыйнай працы, імправізуючы, мы парушаем прыведзеныя тут правілы бясьпекі. Рызыкуем больш з прычыны страху, што ў дзеяньнях згубім хуткасьць рэагаваньня, што запозна адкажам на тое, чаго чакае ад нас грамадзкасьць.

Нас павінна радаваць кожная праява салідарнасьці, мы павінны дзейнічаць так, каб маўклівая большасьць атаесамляла сябе з намі, але ня трэба спадзявацца, што мы ўцягнем яе ў падпольную працу. Толькі ў патрыятычных кніжках увесь народ можа працаваць у падпольлі.

Аднак засьцерагайся амбітнасьці - яна можа аддзяліць кансьпіратараў ад тых, для каго ты працуеш у падпольлі. Не суцяшай сябе марнымі спадзяваньнямі, не рабі камплімэнтаў грамадзкасьці, ведай - на рызыку ідуць нямногія.

памятай: мы ня можам сабе дазволіць падпольную сацыяльную дзяржаву, у якой сотня чалавек бегае вакол ста тысячаў патрыётаў, праўда, гарачых, але іх крэда - «Вы жывіце з годнасьцю, а мы будзем жыць з камфортам».

Фірма

падпольная грамадзкасьць можа ўзгоднена і эфэктыўна дзейнічаць, калі зьнізу ператворыць індывідуальнае прадпрымальніцтва ў незалежныя самакіравальныя грамадзкія структуры фірмы. Ваеннае падпольле Арміі Краёвай, насуперак супрацьлегламу меркаваньню, ня ўзнікла ў выглядзе піраміды нішаў з простай залежнасьцю. Яно было сукупнасьцю «фірм», паміж якімі былі распрацаваныя функцыянальныя сувязі. Гэта было месьніцтва, а не ляяльнасьць.

Дэвізам падпольля павінна быць правіла: малая група - вялікі бізнэс. Чым больш аўтаномнае аб'яднаньне, тым меней арганізацыйных праблемаў. Парадокс - у падпольлі мы ажыцьцяўляем тыя прынцыпы рацыянальнай арганізацыі працы, якія камунякі імкнуліся вынішчыць. Структура фірмы павінна быць такой, каб максымальна зьменшыць колькасьць кантактаў. Таму спэцыялізаваныя ячэйкі павінны перадаваць адзін аднаму гатовы тавар, які не патрабуе чарговых узгадненьняў, выпраўленьняў, дапаўненьняў.

Калі фірму ліквідуюць, яна аўтаматычна стварае свае чарговыя агенцтвы (напрыклад, выдавецтва арганізуе бібліятэку, якая абслугоўвае сваіх супрацоўнікаў, таварыства навуковых курсаў стварае асабістую паліграфію і г. д.). Думка пра спэцыялізацыю, накіраваная зьверху згодна з рашэньнем, прынятым цэнтрам, зьяўляецца праявай бальшавізму. Паколькі менавіта ты, а ня Ікс, знайшоў спэцыяліста, які можа зрабіць схованкі вашым кансьпіратарам, - няма прычыны, празь якую ты б перадаў кантакт зь ім у невядомы канал арганізацыі. Няма такой грамадзкай справядлівасьці, у імя якой паляпшэньне ўмоваў бясьпекі працы ў падпольлі не магло б пачацца менавіта з тваёй фірмы.

На пачатку дзейнасьці якой-небудзь арганізацыйнай структуры яе цэнтар павінен скараціць да мінімуму новыя кантакты. КДБ у імкненьні разбурыць фірму можа зрабіць гэта толькі двума спосабамі: знайсьці каго-небудзь з цэнтру (калі гэты чалавек праходзіў па якой-небудзь справе ці яго вышуквала паліцыя) або заслаць у нашую сетку правакатара, які паступова будзе рабіць тут кар'еру. Выпадковыя, адзінкавыя правалы не павінны цягнуць за сабой ланцуг масавых правалаў. Менавіта таму наша кансьпірацыя зьяўляецца выпрабаваньнем і з арганізацыйнага боку, паколькі мы як грамадзтва маем пэўную долю бальшавізацыі. Толькі хворая бальшавізмам арганізацыя ня можа працаваць без умяшальніцтва шэфа. Бальшавіцкі цэнтар стала пераходзіць на кіраваньне, таму што прамежкавыя зьвёны ня могуць ці ня хочуць (а часьцей - усё разам) прымаць рашэньні.

Тавар

Кожны з супрацоўнікаў фірмы мае дзьве магчымасьці: пастаўляць ці хлам, ці гатовы прадукт. Каб эфэктыўна працаваць у падпольлі, мы павінны даводзіць да канца асобныя фрагмэнты кансьпіратыўнай працы і перадаваць яе адпаведным ячэйкам у патрэбным выглядзе. Гэты прынцып датычны сустрэч, інфармацыі, пошты. Калі мы прызначаем сустрэчу, то неабходна вызначыць час, месца, колькасьць удзельнікаў, працягласьць. Калі перадаем інфармацыю, трэба зьвесьці яе да пісьмовай формы, інакш ёсьць небясьпека дэзінфармацыі і плётак. Калі мы перадаем каму-небудзь пакет нелегальнай літаратуры, трэба ведаць дакладную колькасьць гэтай перадаванай літаратуры. Тавар, які варочаецца паміж каапэрантамі ў форме кволенькіх груповак («мы толькі перадаем, у кансьпірацыі лепш меней ведаць»), у рэшце рэшт трапляе ў якую-небудзь «чорную дзірку», у якой ёсьць уваход і ніхто ня ведае выхаду, - і тады большы шанец, што яго знойдзе паліцыя.

У час пасьляваеннага беспартыйнага ўзнаўленьня краіны мы першае пакаленьне, якому пашчасьціла бачыць канкрэтныя вынікі нашай працы ў эпоху камунізму.

У падпольнай працы трэба эканоміць свой час і не ствараць залішніх інфармацый ных каналаў. Напрыклад, дамоўленасьць пра сустрэчу зь незнаёмым калегам зь

іншай структуры заўсёды павінна быць аднабаковай і не патрабаваць пацьверджань ня. Зваротны сыгнал перадаецца толькі тады, калі партнэру не падыходзіць час ці месца сустрэчы. Таварам зьяўляецца інфармацыя: «А чакае Б у чацьвер, запасная пятніца, у 17.10 з "Советской Белоруссией" у левай руцэ ля кіёску "Белсаюздрук" на плошчы перамогі».

Грошы

Самаахвяраваньне і праца на грамадзкіх пачатках - гэта жахі камунізму. Незацікаў ленасьць зьяўляецца найлепшай умовай найгоршай зацікаўленасьці: схаваных, а ня яўных амбіцыяў, схаваных, а ня яўных кампэнсацыяў закамплексаванасьці, схаванага пагарджаньня да сыстэматычнай працы. Хтосьці не прыйшоў своечасова, «бо і так ганяе з раніцы да ночы», не надрукаваў акуратна, «бо ён ня кадравая машыністка», не зрабіў справу, «бо колькі можна цягнуць на сабе, а жыць на штосьці трэба», - гэта касьпіратыўны чыноўнік, які толькі замаруджвае падпольную працу. Хацеў бы штосьці зрабіць для Свабоднай Рэспублікі, але прагне незалежнасьці, якая, паводле словаў пілсудзкага, павінна каштаваць некалькі капеек і дзьве кроплі крыві.

памятай: патрыятызм - заўсёды рызыка, якую ты ўзяў на сябе, але праца ёсьць праца. За добра зробленую працу трэба добра плаціць. Камуністы зьнішчылі культуру працы шляхам недаплаты, прымушаючы працаваць напалову задарма. Нашыя незалежныя самакіраваныя фірмы ня могуць сабе гэтага дазволіць. Трэба цьвёрда плаціць столькі, каб нашы каапэранты маглі нармальна жыць. Сарамлівыя адносіны да грошай («не дзеля грошай працуем у падпольлі») зьяўляюцца лішняй прытворнай сарамлівасьцю. Чырвоныя лічаць, што нам плаціць ЦРУ. А грамадзкасьць і эміграцыя, якія ахвяруюць на барацьбу за незалежнасьць, хочуць толькі аднаго - каб гэтыя грошы выкарыстоўваліся сумленна і па-гаспадарску. Каб дакладна палічыць грошы грамадзкасьці, не патрабуецца квітанцыяў, чэкаў, подпісаў і пячатак. Дастаткова сыстэмы «мець» і «павінен», а таксама добрасумленнасьці.

Сустрэчы

Сустрэчы павінны праходзіць на нэўтральнай тэрыторыі, трэба пазьбягаць падпольнай працы ў месцы пражываньня. Навошта, каб усе ведалі, хто што робіць, нават тады, калі людзі выдатна ведаюць адзін аднаго і цалкам давяраюць. Гэта паводле старога правіла, што ніхто не паведаміць толькі пра тое, пра што ня ведае. Таму варта абмежаваць колькасьць кантактаў і інфармацыі да патрэбаў падпольнай працы.

Калі ты ідзеш па вуліцы з А і сустрэнеш Б, ты не павінен зь ім вітацца. Навошта А, зь якім ты ідзеш, ведаць пра тваё знаёмства з Б? Убачыўшы кагосьці з падпольшчыкаў на вуліцы, падыходзь толькі тады, калі ён дасьць табе які-небудзь знак. Бо ты ня можаш ведаць, ці мае ён «хвост». Людныя месцы, такія як прыпынкі транспарту, добра падыходзяць для кароткіх сустрэчаў, аднак толькі для візуальных. Калі ты пабачыш, што партнэр пабачыў цябе, зайдзі ў трамвай (і г. д.) - ён зойдзе за табой; або пакажы, што ты вырашыў ісьці пешшу, - твой партнэр пойдзе за табой.

Усе важныя пытаньні, якія патрабуюць спакойнага абмеркаваньня, якіх-небудзь запісаў, перадачы тавару, павінны вырашацца ў памяшканьні. Падслухоўваньне, якога ўсе баяцца, вядзецца толькі ў памяшканьнях, што даўно знаходзяцца пад назіраньнем. Там можна апэраваць толькі інфармацыяй, запісанай на паперы, або з дапамогаю агульных словаў (напрыклад, вазьмі і аднясі яму гэта, скажы ёй, што ён там будзе і г. д.), якія дапаўняюцца запіскамі.

З досьведу апошніх гадоў вынікае, што практычны вынік ад падслухоўваньня вельмі малы. Тут хутчэй размова ідзе пра псыхалягічны ціск, чым пра магчымасьць кантролю нашых намераў у апэратыўным пляне. Дастаткова, калі тыя, хто дамаўляецца пра сустрэчу, будзе мець папярэдне зарэгістраваны код. Напрыклад, «у кавярне» будзе абазначаць папярэдне выбраную кавярню, а дзень і час будуць наўмысна зьмененыя на пэўны час. Пры пэўнай колькасьці падпольшчыкаў шанцы расшыфраваньня такога коду КДБ роўныя нулю.

Сувязныя

Сувязныя і кур'еры неабходныя кожнаму кіраўнічаму цэнтру. Яны выконваюць такія справы, як разнос пошты, перанос тавару. Сувязны праводзіць разьведку, а пасьля зацьвярджэньня шэфам прынцыпаў функцыянаваньня (канкрэтным вызначэньнем заданьня: што, адкуль, куды) можа сам выконваць гэтую справу. На выпадак правалу, сувязныя павінны мець пры сабе мінімум рэчаў, якія могуць дэкансьпіраваць структуру, яны павінны ўмець ад іх лёгка пазбавіцца.

Наладжваньне ў нашай сыстэме сувязі зьяўляецца адным з найбольш эфэктыўных спосабаў дэкансьпірацыі. Напрыклад, пускаецца плётка, што дзіцёнак Ігрэка, які хаваецца, захварэў на рак. Калі гэтая плётка будзе перададзена далей, без праверкі на першай ступені, яна можа стаць прычынай таго, што Ігрэк вышле наўпрост сувязнога, які пры вяртаньні з інфармацыяй забудзе пра правілы бясьпекі. Дастаткова не заўважыць хваста - і правал гатовы.

Сувязнымі неабходна карыстацца тады, калі без іх немагчыма абысьціся, а не дзеля прынцыпу. Варта заўсёды памятаць, што ў палітычнай дзейнасьці просты перанос ваенных схем і абязьлічаньне кантактаў непажаданыя для атмасфэры, у якой ідзе падпольная праца. «Больш важная за справу - салідарнасьць», - напісаў калісьці Куронь. Гэтай салідарнасьці ня створыш рукамі адных сувязных.

Нататкі

Нельга мець дома ці насіць з сабою нармальны нататнік. Сьцьверджаньні «Гэтаае старыя знаёмыя», «Гэта сяброўка па пясочніцы» для паліцэйскіх не зьяўляюцца аргумэнтамі. Паліцыя ня ведае, хто для нас зьяўляецца проста знаёмым, а хто - каапэрантам. Яны рупліва правяраюць людзей, адрасы ці тэлефоны, якія знаходзяцца ў нашым нататніку. Вынікі бываюць неверагоднымі. У сяброўкі зь пясочніцы, якая, паводле нашай адзнакі, зьяўляецца баязьліўкай, можа хавацца хтосьці, каго шукаюць, захоўвацца тавар ці штосьці падобнае. Магчымы і такі факт, што наш уласны адрас трапіў у рукі паліцыі толькі таму, што камусьці была лянота зашыфраваць асобаў, якія асацыююцца ў яго выключна зь пясочніцай - «поўнасьцю невінаватым», паводле ягонага разуменьня, паняцьцем.

Група падпольшчыкаў, хаця і ўключае шмат асобаў, пра дзейнасьць якіх мы ня маем (і добра) ніякага паняцьця, зьяўляецца ўсё ж такі адносна невялікай. Так было заўсёды, дастаткова пачытаць надпісы на магілах апошняй вайны - сем'і маглі з гонарам сказаць: «Гэта мы!». Таму адзін неабдуманы крок, сьлед, адрас можа выклікаць чорны ланцуг правалаў. І таму неабходна шыфраваньне самых неабходных нататак. Не хвалюйся пра тое, што «сам такі нататнік падазроны». Заўсёды можаш адказаць паліцэйскаму: «Я не жадаю, каб мае сябры перажывалі празь мяне такія самыя непрыемнасьці, як я з вамі ў гэты момант». Вуліцы трэба запамінаць, натаваць толькі нумары дамоў. Нататкі лепш запісваць алоўкам і закончаныя справы выціраць гумкай. Закрэсьліваньне не зьнішчае старога запісу.

За выключэньнем шыфраванага нататніка, які пэрыядычна трэба перапісваць, пазбаўляючыся непатрэбнай інфармацыі, усе нататкі неабходна весьці спосабам мініятурызацыі, што дазваляе лёгка выкінуць іх ці зьесьці. Запісы на чым-небудзь выпадковым жорстка караюцца. Адзін дысыдэнт сямідзясятых гадоў запісаў штосьці на плотнай камп'ютэрнай паперы і ў момант правалу, калі б не неспадзяваны ўдар дручком па сьпіне, ніколі б гэтага не праглынуў.

Тэлефоны

Трэба абмежаваць да мінімуму тэлефонныя размовы, паколькі яны зьяўляюцца самым простым спосабам заўважыць нас. Званіць амаль заўсёды выключна з аўтаматаў ці зь месца працы. Трэба адкінуць дзіцячы этыкет - не называцца, а адразу пытацца: «Ці ёсьць Гена?». І размаўляць без загадкавых фразаў накшталт: «Ты паклаў ужо гэтыя селядцы?» - «Так, я ўжо паклаў іх у шафу» - «Ты што?! Селядзец - у шафу?» - «Ннну... у маразільную шафу»... Праўда, бывае, што перапужаныя абывацелі пры інфармаваньні адзін аднаго, напрыклад, пра ліпкія рукі якога-небудзь чыноўніка, кажуць: «Ведаеш, гэта не тэлефонная размова, гэта я табе распавяду пры сустрэчы». Гэта гарантуе нам інфармацыйны шум, які эфэктна маскіруе падпольную дзейнасьць. Аднак чорт ня сьпіць. У падпольлі павінен дзейнічаць агульны жыцьцёвы прынцып - тэлефон служыць узаемаразуменьню, а не балбатні.

Калі чуем у тэлефоне шчаўчкі і разумеем, што «размова кантралюецца», гэта не азначае, што мы ўжо дасягнулі ідэалу ўсеўладзьдзя паліцэйскай дзяржавы, апісанай Оруэлам у «1984 годзе». Гэта толькі пацьвярджае, што камуністы па-ранейшаму імкнуцца да свайго ідэалу: кантраляваць усё, што магчыма, і за колькі магчыма.

Паштовая скрыня

паштовая скрыня - гэта шлюз, які прыпыняе ланцуг у выпадку правалу. Гэта памяшканьне, празь якое кантактуюць асобныя арганізацыйныя ячэйкі: служыць для закідваньня матэрыялаў, перадачы інфармацыі і г. д. Паштовую скрыню нельга выкарыстоўваць зачаста ці зрэдку. Калі выкарыстоўваецца занадта часта, рух каля яе выклікае непатрэбную ўвагу суседзяў (у выпадку з кватэрай) або працаўнікоў
(у выпадку з крамаю). Калі паштовая скрыня выкарыстоўваецца занадта рэдка, сувязь паміж людзьмі паслабляецца. Ніхто ня будзе сядзець двойчы ў тыдзень па некалькі гадзінаў, каб раз на месяц адчыніць камусьці дзьверы. Утрыманьне паштовай скрыні, якая мае добрую схованку або суседняе памяшканьне, што служыць для захоўваньня матэрыялаў, зьвязана з адносна невялікай рызыкай. Калі хтосьці, хто пагадзіўся функцыянаваць у якасьці кантактнай скрыні, выказвае шмат умоваў і перасьцярогаў, найлепш адмовіцца ад яго дапамогі. Гэта патрабуе ад цябе менш намаганьняў, чым сыстэматычная тэрапія, якую праводзіць твой каапэрант.

У летапіс польска-ярузэльскай вайны ўвойдзе кансьпіратар, які ўва ўтрыманую ім скрыню ўпусьціў першага чалавека з таварам, і нікога больш. Хаця наступныя давалі сыгнал пра свой прыход раней дамоўленым спосабам, ён толькі затрымліваў дыханьне. Бо ня мог ён адчыніць дзверы, калі меў настолькі каштоўны тавар.

Кантора

Калі ты хочаш пазьбегнуць доўгіх тэлефонных размоваў і сустрэчаў у горадзе, патрэбна адчыніць кантору, у якой ты будзеш прымаць сувязных і сталых супрацоўнікаў. Калі кіруеш працай 7-10 чалавек, без канторы закансьпіруешся да сьмерці. Будзеш бегаць толькі дзеля таго, каб падтрымліваць кансьпіратыўныя кантакты, якія пры першай выпадковай аварыі выклікаюць перашкоды ў працы арганізацыі. Натуральна, кантору і паштовую скрыню, як месца сыходжаньня розных ніцяў, трэба ахоўваць.

Схованкі

Захоўвай правіла: схаванае найгоршым чынам усё ж такі лепей, чым навідавоку.

Візыты паліцыі, умоўна кажучы, бываюць трох відаў. Першы від - гэта прыход людзей, якія бегла аглядаюць кватэру. А раптам якая матрыца павелічыцеля ўманціравана ў друкаваную машынку або хтосьці выкінуў у сьметніцу рамку для афсэтнага друку?

Другі від візыту - гэта сыстэматычны ператрус, які, хочаш ня хочаш, патрабуе прагляду ўсіх кніжак, скрыняў, папераў. Гэта нудная руплівая шматгадзінная праца.

Трэці від агляду - калі паліцыя мае ўпэўненасьць, што ў памяшканьні знаходзіцца склад ці друкарня, - тады ўжо пошукі да пераможнага канца. Тэарэтычна цудаў не бывае - што чалавек схаваў, тое чалавек знойдзе.

практычна «візыты трэцяга віду» здараюцца выключна рэдка, другога - таксама рэдка, а 90 % правалаў пры ператрусах зьяўляюцца вынікам нядбайнасьці ў падпольнай працы: усё ляжыць навідавоку. Часам дастаткова, што загляне да нас суседка, нават не абавязкова даносчыца, проста пляткарка. Замест таго каб верыць у «што-небудзь», падлічваем рызыку. У момант любога правалу ёсьць шанец штосьці ўратаваць. Важна, каб схованкі ці патаемныя ўваходы-выхады адпавядалі функцыі памяшканьня. Той, хто сваю працу разглядае сур'ёзна, павінен мець дома схованку для дробязяў, куды за некалькі сэкундаў можна б было схаваць якую-небудзь невялікую рэч, і іншую схованку - на невялікую колькасьць падпольнай літаратуры. Тут ёсьць абавязковае правіла: не закансьпіравацца насьмерць. Адзін асобнік якой-небудзь кнігі ці часопісу не стварае ніякай пагрозы. Такую рызыку мы мусім дзяліць зь мільёнамі салідарных грамадзян.

Падпольная літаратура

падпольная літаратура - гэта мэта і сродак дзеяньня. Яна зьяўляецца спосабам грамадзкай сувязі. Забясьпечвае сувязь паміж падзеленымі кансьпірацыяй каапэрантамі. Фірмачы могуць праз свой падпольны друк атаесамляць сябе з пэўным інтэлектуальным узроўнем асяродку і палітычным выбарам фірмы.

падпольная літаратура зьяўляецца для пачаткоўцаў школай падпольнай працы. Страх і яго пераадоленьне можна вымяраць стосамі схаванай і перанесенай падпольнай літаратуры. Сетка распаўсюджаньня літаратуры - напачатку галоўная крыніца інфармацыі, грошай, матэрыялаў.

Вытворчасьць і распаўсюд падпольнай літаратуры ўводзіць нас у элемэнтарныя правілы падпольнай працы: ізаляваньне розных функцыяў (напрыклад, паліграфіі - г. зв. тэхнікай друку), стварэньне скрыняў-шлюзаў (напрыклад, паміж рэдакцыяй і друкарняй), строга абавязковае аддзяленьне опту ад розьніцы (у распаўсюджваньні і забясьпечваньні).

Варта зьвярнуць увагу на факт, што з часам нашы каапэранты выходзяць між сабою на прамыя сувязі без дазволу цэнтру. Напрыклад, цэнтар выключае з выкарыстаньня нейкую аптовую базу з прычыны пагрозы правалу, але старыя сувязі яе кіраўніка з кліентам, які не падазрае пра небясьпеку, прыводзяць да таго, што першы трапляе ў кацёл з намерам выканаць джэнтэльмэнскае пагадненьне: «пакінь мне 50 асобнікаў «Малога кансьпіратара», бо далёка ехаць да новай паштовай скрыні».

Паліцыя

Адносіны падпольшчыкаў з паліцыяй павінны мець значную дыстанцыю. паліцыя не ўсемагутная і не ўсюдыісная, але таксама не зьяўляецца бандай дурняў з садысцкімі схільнасьцямі. Гэта адзін з найстарэйшых у сьвеце інстытутаў, і яе досьвед трэба ацаніць раней, чым аддаючы ёй рэмень і шнуркі як арыштант.

паліцыя падобна да іншых установаў краіны, і тайныя агенты нярэдка «змываюцца» за некалькі хвілінаў да канца працы, аднак у паліцыі трапляюцца і людзі, што маюць прыроджаны інстынкт паляўнічага. У адным гарадку быў, напрыклад, паведамляльнік, які вырашыў выявіць дысыдэнтаў і прагульваўся па вуліцах падчас сканчэньня ТВ-праграмаў. Тыя, у каго пасьля сканчэньня праграмы было запаленае сьвятло, траплялі пад падазрэньне. Цяпер было дастаткова праслухаць пару размоваў, каб вызначыць крыніцу заразы.

На шчасьце, паліцэйскія паводле прызваньня сустракаюцца нячаста. Слава паліцыі заключаецца ў руціннасьці і агромністым бюджэце. Нават калі 90% магутнасьці фабрыкі МУС вырабляе брак, нават калі на фальшывы выклік туды зьяўляюцца адначасова некалькі дзясяткаў калябарантаў - паліцыя застаецца больш дзейсным інстытутам камуністаў, чым партыя або армія.

Факт, што пасьля выкраданьня «Салідарнасьцю» падстрэленага Яна Наражыяка паліцыя, ня маючы ніякага сьледу, пайшла па ніці тэлефонаў з нататніка, канфіскава нага падчас першай «справы Наражыяка» ў 1980 г., даказвае, што нічога ў яе дасье не губляецца нават празь некалькі гадоў. Таму ўвесь час трэба пралічваць рызыку: ня трэба падымаць гвалт пасьля кожнага сыгналу, які сьведчыць пра небясьпеку, але «апёк» павінен выклікаць хаця б каранцін. Тут трэба лічыцца з сур'ёзным запозьненьнем дзеяньняў праціўніка. Паліцыя - не швайцарскі гадзіньнічак, а савецкая бюракратычная машына.

Хвост

Сачэньне КДБ бывае розным. Часам мэтанакіраванае («клоп», прымацаваны да аўтамабіля, які дазваляе пільнаваць на адлегласьці; стварэньне «пастоў» у прыватных кватэрах, якія служаць для падслухоўваньня і назіраньня), у іншы раз нахабнае, надакучлівае. Яно заўсёды ставіць за мэту пазбавіць нас спакою падчас падпольнай працы. Дакладны хвост дазваляе напасьці на сьляды тваіх кантактаў. Нахабны -разьлічаны на псыхалягічнае дзеяньне - напужаць цябе.

Кансьпіратыўная група дапамагае і пазбаўляе адначасова. Палягчае цяжкасьць сталай рызыкі, выпрацоўвае прывыканьне, памякчае стрэсы, аднак таксама прытупляе пільнасьць. Памылковая ўпэўненасьць, што кансьпіратары больш высокага ўзроўню больш падвергнутыя небясьпечнасьці назіраньня, а табою, маленькім вінцікам, ніхто не цікавіцца. Калі памятаеш пра тое, што заўсёды ў цябе можа зьявіцца хвост, твае шанцы пазьбегнуць сачэньня павялічваюцца. Дакладны хвост - гэта цэлая брыгада з 10-12 чалавек, што перасоўваецца на трох-чатырох аўтамабілях. Калі ты едзеш аўтобусам ці ідзеш пешшу, ён страхуе цябе сьпераду і ззаду.

Калі ты заўважыў сачэньне, першы твой абавязак - пазбавіцца ад хваста, схавацца з вачэй. Найлепш - натуральным і спакойным чынам, каб паліцыя не зарыентавалася, што ты ведаеш пра сачэньне. Горш - выкарыстоўваць хітрасьці, выходзячы праз прахадныя двары, дамы з мноствам выхадаў і складанай планіроўкі, зьмяняць напрамак руху.

Тваёй першай думкай павінна быць - я пагарэў (наколькі і як надоўга - гэтага ты яшчэ ня ведаеш), і гэта павінна скончыцца на мне. Я ня маю права навесьці паліцыю яшчэ на каго-небудзь, не магу нічога выпраўляць пры сьпешцы.

Калі ты пакінуў аўтамабіль, не вяртайся да яго (у іх застанецца твой здымак, адзін на 10 мільёнаў здымкаў тваіх суграмадзянаў, але ня адрас).

Кацёл

Калі паліцыя нападзе на сьлед кансьпіратыўнай кватэры, яна робіць у ёй кацёл (засаду), гэта значыць пачынае на працягу некалькіх дзён ці нават тыдня дзяжурыць у ёй у тры зьмены, хапаючы тых, хто ўваходзіць у гэтае памяшканьне. Таму кожнае памяшканьне павінна мець някідкую, але ўсё ж бачную сыгналізацыю, што перасьцерагала б пра «кацёл». (Лепш за ўсё ўсталяваць сыгналізацыю перад памяшканьнем і непасрэдна перад уваходам.) працуючы ў падпольлі, памятай, што адчынены дом адчынены і для паліцыі.

Правал

Трэба чакаць правалу, нават у самы нечаканы момант. Добра, калі зь зьдзіўлень нем, расчараваньнем ці палёгкаю задаеш сабе пытаньне Салжаніцына: «Гэта ўжо?». Трэба памятаць, што яно зьяўляецца толькі адным з доўгага, вельмі доўгага шэрагу.

Пры падключэньні каапэранта да працы трэба абмеркаваць зь ім алібі на выпадак правалу. Падчас вочнай стаўкі з паліцыяй ідэалам становіцца маўчаньне, але ня так ужо і блага - перш чым рашуча адмовіцца ад паказаньняў - даць кароткае (хаця б непраўдападобнае) алібі, якое тлумачыць сытуацыю. Асабліва таму, што паліцыя наогул часта ня ведае, з кім мае справу, і ня варта ствараць вобраз прафэсійнага кансьпіратара.

Пры арышце трэба памятаць, што чым болей хтосьці рашучы, тым карацейшым будзе для яго фізычнае і псыхічнае ўзьдзеяньне КДБ. Чым хутчэй яны запэўняцца, што нічога ад нас не даб'юцца, тым хутчэй перастануць мучыць. Ведаючы вопыт мінулага, можна прывесьці мноства прыкладаў людзей, якія рашуча адмаўляліся ад паказаньняў і былі вызваленыя з-пад арышту РАНЕÉ за тых, якія іх «сыпалі». пасьля праходу праз браму сьледчага ізалятару неабходна на час забыць пра ўсё, што страціў і, магчыма, надоўга. Пачнецца другі этап барацьбы, які зьяўляецца найцяжэйшым выпрабаваньнем нашай годнасьці, веры ў чалавека і чалавечую салідарнасьць.

Адсідка

Нават адзінокія, ізаляваныя, пакараныя карцэрам за кантакт з таварышамі, «рэсацыялізаваныя» службай турэмнай аховы, мы можам быць моцнымі ўспамінамі, верай у тых, хто нам паверыў, застаўся з намі і цяпер змагаецца за нашу свабоду. праходзячы праз браму турмы, неабходна падумаць, што ўсё пачынаецца зноў, а ня тое, што прыйшоў канец.

Сядзець у турме трэба вучыцца. Ёсьць людзі - выдатныя таварышы ў барацьбе, працы і забаве, але пакутлівыя ў якасьці сукамэрнікаў. Закрыты сьвет камэры патрабуе паніжэньня рэгістру, глушэньня агрэсіі, не надзяляць увагі сваёй асаблівасьці ці тэмпэрамэнту. Патрабуе больш такту, ураўнаважанасьці, кантролю эмоцыяў, чым утрымліваецца ў любым кодэксе свабодных людзей. Трэба ўмець сядзець, каб не парушыць спакойнай атмасфэры сукамэрнікаў. Трэба складаць сабе плян на дзень, навязваць дысцыпліну заняткаў, падпарадкаваць сябе ўнутраным абмежаваньням, каб зьнешнія абмежаваньні (турэмныя правілы, ціск сумеснага жыцьця зь людзьмі, якім нельга верыць да канца, і г. д.) не зламілі нас. У лістах да родных нельга занадта раскрывацца, пісаць, пра што і пра каго хвалюемся, - іх чытае наш сьледчы, а ня толькі турэмная цэнзура.

Боль

Больш за ўсё людзі баяцца болю і адзіноты. І тое, і другое асацыюецца з найгоршым, з тым, што ліквідуе сувязь паміж людзьмі. Аднак фізычны боль можна ўявіць. Кожны з нас час ад часу яе адчувае: ламае руку, ідзе да стаматоляга, кладзецца на апэрацыю. Адзінае, што ты не павінен даваць згоды на гэты боль: гэта ня боль па асабістым выбары, чалавек проста зьміраецца з сваім лёсам.

Арышт, турма, катаваньне, біцьцё - гэта боль і адзінота, на якія чалавек павінен рашыцца сам. Спачуваньне зламаным і пакутнікам, спачуваньне чалавечаму падзеньню і слабасьці ня можа быць дазволам, дадзеным звыш «у імя дараваньня, бо невядома, што кожны з нас раскажа, калі яму пачнуць вырываць пазногці». Аднак ніхто пазногцяў не вырываў, а адмовіўся ён ад сябе ў выніку адной размовы перад сталом КДБэшніка, «таму што мае жонку і дзяцей». Дык вось, наша салідарнасьць - гэта салідарнасьць адносна іншых людзей, якія таксама маюць жонак і дзяцей.

Культура

Барацьба з чырвонымі зводзіцца да сутыкненьня ў сфэры, якую шырока разумеем як культуру. Кінуты ў наш бок выклік гучыць так: хто хутчэй - мы ці апарат прымусу і гвалту - паддасца саветызацыі? Не ўспрымай прымітывізм і хамства як глупства. Не недаацэньвай праціўніка, памятай, што наш КДБ зьяўляецца малодшым братам усесаюзнага (расейскага) КДБ. Гэтая традыцыя ніколі не памірае зусім: сілаю і слабасьцю чырвоных зьяўляецца іх бюракратычная руціна. Мы абавязаны іх перамагчы ў сфэры культуры: хутчэй уводзіць інавацыі, вынаходзіць новыя патэнты падпольнай працы, прыводзіць да разгубленасьці камуністаў праз стварэньне ім чарговых палёў барацьбы. Хтосьці, хто на пачатку польска-ярузэльскай вайны разаслаў ліст з вайсковым штампам, які заклікаў часова ўстрымацца ад рэпрэсіяў у адносінах да дзеячоў «Салідарнасьці», перамог чырвоных інтэлектам. Савецкую машыну нярэдка закліноўвае ад адной пясчынкі.

Страх

Апошняя вайна паказала, што адна справа - насіць значку «Салідарнасьць», але зусім іншае - падтрымаць яе справай. Калі хтосьці прапануе сваё памяшканьне ў якасьці паштовай скрыні і пры гэтым пытаецца: «Гэта надоўга?» - можаш быць упэўнены, што праз пару тыдняў ён пачне даваць расколіну і, пераконваючы ў «правале», распавядзе табе нейкую гісторыю пра падазроных тыпаў, што круцяцца вакол.

Страх амаль ніколі не праяўляецца ў форме заявы «Не хачу гэтага рабіць, таму што баюся». Чалавек, які баіцца працаваць у падпольлі, наагул рацыяналізуе свой страх і рэагуе агрэсіяй на тых, хто паставіў яго перад неабходнасьцю драматычнага выбару. Падпольшчыкі абвінавачваюцца ў «піянэрскіх гульнях», у адсутнасьці ці лішку ветлівасьці, у тым, што ня маюць часу пагаварыць на трывіяльныя тэмы, або наадварот - абвінавачваюцца ў тым, што сядзяць і сядзяць, нібыта толькі і чакаюць КДБ...

Людзі з заечым сэрцам агульнымі фразамі кажуць пра неабходнасьць захаваньня народнай эліты - і няцяжка здагадацца, што менавіта сябе лічаць гэтымі найлепшымі, безь якіх Радзіма не абыйдзецца ў будучым, пра маральны супраціў, лепш за ўсё бачны для праціўніка, пра тое, што ўсялякая хітрасьць ураўноўвае нас з хітрым праціўнікам... Пры гэтым трэба быць гатовым да таго, што гэтыя рацыяналізацыі асабістага страху нараджаюцца ў пакутах і авалодваюць намі паступова. Нейкі чалавек тыднямі сьцьвярджаў сабе, што зьбіраецца данесьці на суайчыньніка, які займаўся прастытуцыяй, хоць насамрэч рыхтаваўся выдаць... Царква асуджае гвалт, і тыя, хто насамрэч працуюць у падпольлі, таксама баяцца, але замест таго, каб апранаць на свой страх годныя маскі, спрабуюць перамагчы яго салідарнасьцю і братэрствам. Людзі, якія абсалютна ня ведаюць страху, - самыя небясьпечныя супрацоўнікі, але, на шчасьце, яны рэдкія.

Містыфікацыя

па магчымасьці спрабуй вызначыць сфэру сваёй кампэтэнцыі і тое, што канкрэтна ты выконваеш у яе рамках. Калі А, Б і В перад размовай ня вызначаць, хто што павінен рабіць і пад чыім кіраўніцтвам, то прынцып «найлепш меней ведаць» можа прывесьці да таго, што несьвядома прыкладзеш руку да ўзьнікненьня якой-небудзь містыфікацыі. Для кагосьці станеш кімсьці зь «яго людзей», хтосьці павышэй будзе дабудоўваць твае замкі на пяску, магчыма таксама, што, ня кажучы да канца чаго-небудзь у імя кансьпірацыі, павялічыш колькасьць інфармацыйных шумоў. Калі зьяўляешся пасярэднікам у якім-небудзь кантакце, які служыць бясьпецы больш высокага арганізацыйнага зьвяна, імкніся канкрэтызаваць інфармацыю, якую перадаеш, з тым каб не ўзьнікала неабходнасьць удакладняць яе праз кантакт зацікаўле ных бакоў. Напрыклад, сыгнал тыпу «КДБ усё ведае аб Іксе» можа толькі перашкодзіць працы Ікса.

Маніі

Дэманстратыўная сочка КДБ, а таксама страх перад усюдыіснай паліцыяй можа прывесьці да навязьлівай ідэі акружэньня з усіх бакоў. Акрамя маніі перасьледу, якая лёгка ўзьнікае ўва ўмовах паляваньня на людзей, варта абараняцца ад людзкой мудрасьці, якая зводзіцца да сьцьвярджэньня, што ўсё зьяўляецца правакацыяй: той, каго яшчэ не схапілі, толькі таму «ходзіць на свабодзе», бо ўладам гэта выгадна.

Адмаўляючы рэальнасьць таго, што мы робім, мы самі сябе кастрыруем. Гэта прыём, да якога зьвяртаецца грамадзтва без усялякіх дзеяньняў з боку паліцыі. Ацэнка рэчаіснасьці ў катэгорыях вялікай змовы (імпэрыялістаў, Камінтэрну ці жыдамасонаў) ці вялікай правакацыі (маскалі, якія прагнуць, каб мы зарэзалі сябе ўласнымі рукамі, КДБ, які пусьціў партыю ў лібэралізацыю, каб яе скампрамэтаваць, ці войскі, якія... і г. д.) мае характар маніякальны.

Балбатлівасьць

Старая прымаўка кажа: балбатун горшы за даносчыка. Бо балбатуна цяжэй выявіць, пляткар не бярэ на сябе ніякай адказнасьці. Таму калі робіш заўвагі пра падпольную працу, пазбаў іх ад дэталяў, якія дэкансьпіруюць каго-небудзь, а тым болей не давай з разьбегу якіх-небудзь прозьвішчаў і адрасоў. А найперш - па-за колам найбліжэйшых супрацоўнікаў не вядзі так званых вольных размоваў. Іншая прымаўка часу апошняй вайны кажа: «Нават найлепшы кансьпіратар на нейкі час, як халадзільнік, павінен размарозіцца». Аднак істотна, каб пры размарожваньні ён ведаў, на якой кухні гэта адбываецца і ці прысутнічаюць пры гэтым свае. Тайна, якую найперш трэба захоўваць у падпольнай працы, гэта структура арганізацыі і ананімнасьць падпольшчыкаў. Асобныя людзі, пайманыя зь якім-небудзь таварам, пакуль самі не прагаварацца пра сваё становішча ў арганізацыі, маюць адносна высокія шанцы выйсьці сухімі з вады - г. зн. зь невялікім прысудам. І сваёй рашучасьцю выратуюць дзясяткі таварышаў.

Свабода

У 1944 г. Палякі і іншыя народы Ўсходняй Эўропы былі пазбаўленыя правоў. Ступень бяспраўя ў розныя пэрыяды была розная, бо няма нічога больш элястычнага, чым «сацыялістычны правапарадак». 13 лютага 1981 г. зьяўляецца толькі асаблівым выпадкам гэтай агульнай праўды камунізму: бяспраўе было афіцыйна прызнанае ў якасьці закону ваеннага становішча. Пры камунізьме адно дакладна: межы нашай свабоды з пачатку і да канца залежаць ад ступені нашага супраціву. Гэта павінен памятаць кожны, хто стаў на шлях апазыцыйнай дзейнасьці. Згодна з тлумачэнь нем марксістаў, свабода - гэта ўсьвядомленая неабходнасьць нашай няволі. Мы лічым, што свабоды маюць ня столькі, колькі даюць, а столькі, колькі мы самі яе возьмем. Калі не пачнём будаўніцтва свабоднага грамадзтва з асобы, якая вучыцца здабываць сабе свабоду, то пасьля перамогі над камунякамі мы зноў вернемся на першыя старонкі гэтай кніжачкі. Таму змагаемся ня толькі за перамогу над камунай, але і з камунаю ў нас саміх.

Напачатку кожнаму цяжка працаваць у падпольлі. Усе баяцца, калі ўпершыню бяруць пачак такіх кніжак, як гэтая, і павінны аднесьці іх да незнаёмага чалавека, які напэўна баіцца ня менш за першага. Аднак калі абодва пераадолеюць страх, гэта будзе адпавядаць таму, быццам яны самі выламалі дзьверы сваёй турмы, у якую іх замкнулі. Пасьля выламваюць наступныя і наступныя. Усьміхаюцца адзін аднаму. Таму што свабода ня тое, у што дастаткова верыць. Неабходна яе практыкаваць.
 (галасоў: 0)
Вы ўвайшлі на сайт як незарэгістраваны карыстальнік. Рэкамендуем прайсці рэгістрацыю.

праглядаў: 505

аўтар: j-by надрукаваць каментары (0)

Даданне каментара

Уключыце гэты малюначак для адлюстравання кода бяспекі




Апошнія навіны

  • Признание Абхазии и Южной Осетии: з...
  • Дзень беларускай вайсковай славы ў ...
  • Сёння - гадавіна перамогі пад Ворша...
  • Беларускія патрыёты адзначылі гадав...
  • Культурныя падзеі наступнага тыдня
  • Як фальсіфікавалі выбары ў 2003 год...
  • Працягваюцца рэпрэсіі супраць молад...
  • Павел Лукша на свабодзе
  • Pavel Luksha Got Free
  • New `Boycott!` stickers in Minsk
  • Папулярные навіны

  • МОЛАДЗЬ НАГАДВАЕ ПРА ЗНІКЛЫХ І ...
  • НЕ НАДОЕЛО ВЫПРАШИВАТЬ?
  • Павел Кур'яновіч на свабодзе
  • Активисты кампании задержаны з ...
  • ПОЛИТЗАКЛЮЧЁННЫЕ НА СВОБОДЕ
  • МОЛАДЗЬ ЗВЯРТАЕЦЦА ДА ДЭМАКРАТ ...
  • Витебск. Активиста кампании 12 ...
  • Затрыманні моладзі ў Мінску
  • Перамога салідарнасці
  • Жителям Гродно предлагали отве ...


  • галоўная старонка :: рэгістрацыя :: дадаць навіну :: новае на сайце :: статыстыка

    Rating All.BY
    как подобрать термобелье. современное общество новости, обзоры

    уваход

    Логін
    Пароль
     

    каляндар

     
    «    Люты 2007    »
    ПнВтСрЧтПтСбВс
     
    1
    2
    3
    4
    5
    6
    7
    8
    9
    10
    11
    12
    13
    14
    15
    16
    17
    18
    19
    20
    21
    22
    23
    24
    25
    26
    27
    28
     

    дзейнасць

    Астравец

    Ашмяны

    Бабруйск

    Берасце

    Віцебск

    Ворша

    Горадня

    Глыбокае

    Дзяржынск

    Докшыцы

    Лепель

    Кобрын

    Лагойск

    Ліда

    Магілёў

    Маладзечна

    Мінск

    Мядзель

    Навагрудак

    Паставы

    Полацк

    Смаргонь

    фотахроніка

    апытанне


    у выбарах нельга ўдзельнічаць
    у выбарах трэба ўдзельнічаць


    рэклама