
Сёння а 10:00 ў Савецкім судзе Менску пачаўся працэс над актывістамі Маладога Фронту.
Змітра Хведарука, Барыса Гарэцкага, Насту Палажанку, Алега Корбана і Аляксея Янушэўскага абвінавачваюць у парушэнні артыкула 193 Крымінальнага кодэксу «Дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі». Ім усім ад 16 да 21 году. Аляксея Янушэўскага на судзе не было: хлопец папрасіў палітычнага прытулку ў Чэхіі. Астатнім пагражала да двух гадоў турмы. Справу разглядаў суддзя Руслан Аніскевіч. Аднак мяккасць пракурора пераўзышла спадзяванні. Абвінаваўца запатрабаваў пакараць Хведарука, Гарэцкага, Корбана, Янушэўскага штрафам у 500 базавых велічыняў. Насту Палажанку -- выхаваўчымі працамі. Прычына — на думку пракурора, МФ не ўяўляе сабой значнае небяспекі.
Маладафронтаўцы сваю віну прызналі часткова, заявіўшы, што яны сапраўды прадстаўляюць дадзеную арганізацыю, але артыкул 193-1 Крымінальнага кодэксу супярэчыць Канстытуцыі і міжнароднаму праву. Алег Корбан сваёй віны цалкам не прызнаў.
Ля будынку суда ўвесь час прысутнічала некалькі соцень чалавек. Прысуд вынясуць заўтра а 15 гадзіне.