Удзельнікі студэнцкай акцыі супраць адмены льгот Павал Вінаградаў, Вадзім Баравік, Павал Чумакоў, Павал Вільтоўскі і Аляксандр Баразенка абвясцілі галадоўку пратэсту. Сёння моладзевых актывістаў будуць судзіць у судзе Цэнтральнага раёна Менска. Да гэтага яны два дні правялі ў спецпрыёмніку-размеркавальніку ГУУС Менгарвыканкама.
Акцыя пратэсту студэнтаў супраць адмены льгот была жорстка разагнаная 1 чэрвеня ў Менску супрацоўнікамі палка міліцыі спецыяльнага прызначэння. Блізу 100 чалавек правялі ў цэнтры горада шэсце-перфоманс. Моладзевыя актывісты неслі ў руках труну, на якой было напісанае “Ільготы”. Наперадзе, па ўсіх традыцыях пахавальнай працэсіі, студэнты неслі ў чорнай рамцы вялікі ільготны квіток для праезду ў грамадскім транспарце.
Маладыя людзі змаглі прайсці такім чынам сотню метраў – на іх накінуліся супрацоўнікі міліцыі. Амапаўцы дзейнічалі жорстка, валілі людзей на зямлю, выкручвалі рукі, збівалі дубінкамі і кулакамі.
Усіх затрыманых даставілі ў Цэнтральны РУУС Менска. Пяцёра актывістаў былі дастаўленыя ў спецпрыёмнік-размеркавальнік ГУУС Менгарвыканкама да суду. У 4-ым гарадскім шпіталі знаходзіцца Ілля Шуст. Пасля збівання супрацоўнікамі палка міліцыі спецыяльнага прызначэння (былы АМАП) медыкі зафіксавалі ў хлопца садно левай ныркі, садзені, падазрон на чэрапна-мазгавую траўму. |