
27 чэрвеня 2007 г. ад архікатэдральнага касцёла Імя Найсвяцейшай Панны Марыі выйшла XVIІ пешая пілігрымка Мінск-Будслаў. У пяцідзённы шлях да Маці Божай Будслаўскай са сталіцы вырушылі больш за трыста пілігрымаў.
Калона пілігрымаў, стракатая ад харугваў і сцягоў.
Паломніцтва распачалося святою Імшою, якую правёў Апостальскі Адміністратар Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Антоні Дзям’янка.
«Сёння мы сабраліся, каб у Імя Божае распачаць пілігрымку ў Будслаў. Магчыма, многія людзі, гледзячы на вас, будуць здзіўляцца: чаму час уласнага адпачынку вы прысвячаеце рэлігійным мэтам? Няўжо не лепш было б паехаць куды-небудзь на мора або, прынамсі, на лецішча? Аднак нам нельга забывацца пра тое, што чалавек з’яўляецца адзінствам душы і цела. Адпачынак чалавека - гэта не толькі «перадых» для змучанага цела, але таксама дыханне для душы. А чалавечая душа адпачывае толькі ў кантакце з Богам, і гэты кантакт нясе з сабою адкрыццё сэнсу жыцця чалавека і дае сілы любіць бліжняга», - з такімі словамі звярнуўся біскуп да пілігрымаў. Ён таксама адзначыў, што «пілігрымка ў Будслаў з’яўляецца своеасаблівым сімвалам нашага жыцця, гэта як бы вандраванне ў дом Нябеснага Айца. На шляхі пілігрымкі ў дом Спрадвечнага ўваходзіць той, хто распачынае духоўную або ўнутраную пілігрымку. Гэта імкненне да святасці» - сказаў біскуп.
На заканчэнне Антоні Дзям’янка благаславіў пілігрымаў, пакрапіўшы іх святою вадою. Як заўсёды, большасць пілігрымаў складае моладзь, але ёсць таксама старэйшыя людзі і дзеці. Цікава, што некаторыя маладыя сем’і пазнаёміліся менавіта ў дарозе да Маці Божай.
Са спевамі калона рушыла на поўнач: туды, дзе сярод лясоў і балот знаходзіцца Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай, Апякункі Беларусі. Апоўдні пілігрымы выйшлі з Мінска, а яшчэ праз гадзіну зрабілі першы кароткі прывал.