DataLife Engine 7.5 > Мінск, Беларусь > ПУЦІНА ПАРВАЛІ
ПУЦІНА ПАРВАЛІ2007-08-28 13-20. Разместил: Jane |
Сёння а 12 гадзіне ў Мінску прайшла прэс-канферэнцыя маладзёжных актывістаў, прысвечаная правядзенню Еўрапейскага Марша, які адбудзецца 14 кастрычніка.Аб падрыхтоўцы да акцыі і адносінах да яе моладзі распавядалі: Ілля Богдан (Моладзь БНФ), Мікіта Сасім (Грамадзянская кампанія "Jeans - за свабоду!"), Міхаіл Пашкевіч (Маладыя Дэмакраты), Зміцер Хведарук (Малады Фронт) і адзін з арганізатараў Еўрапейскага Маршу Яўген Афнагель. Напачатку сустрэчы ўсім прысутным было нагадана, што Марш пачнецца 14 кастрычніка а 14 гадзіне на Кастрычніцкай плошчы. Прэс-канферэнцыю распачаў Яўген Афнагель. Ён паведаміў, што на маршы будуць гучаць новыя лозунгі: "Не ядзернай зброі! і "Не расійскім ваенным базам!". Гэта звязана з тым, што ўчора пасол РФ у Мінску Аляксандр Сурыкаў выказаў магчымасць размяшчэння ў Беларусі расійскіх ваенных баз. А таксама вяртання ў нашу краіну ядзернай зброі. Тым самым Масква агучыла новы варыянт асіметрычнага адказу на планы ЗША размясціць элементы сістэмы ПРА ва Усходняй Еўропе. Адказ моладзі быў праілюстраваны: пяцёра актывістаў падняліся і разарвалі фотаздымкі расійскага прэзідэнта. Потым слова ўзяў Мікіта Сасім. Ён растлумачыў, чаму моладзь ідзе на Еўрапейскі Марш. "Мы хочам, каб наша краіна далучлася да Еўрапейскага Саюза. Мы хочам ездзіць у іншыя еўрапейкія краіны без візаў. Мы хочам мець магчымасць вучыцца ў еўрапейскіх навучальных установах. Мы хочам, каб дыпломы беларускіх ВНУ прызнаваліся ў Еўропе. Мы хочам свабодна казаць тое, аб чым думаем і аб чым марым. Мы хочам быць упэўненымі ў заўтрашнім дні. Мы хочам быць еўрапейцамі і ганарыцца нашай краінай. Мы ідзем на Еўрапейскі Марш і дзеля нашых бацькоў, дзеля дабрабыту старэйшага пакалення" - сказаў Мікіта. Ён таксама заклікаў далучыцца да Маршу ўсе маладзёжныя арганізацыі, якім неабыякавая будучыня Беларусі, у тым ліку і БРСМ. Ілля Богдан нагадаў пра 12 прапановаў Еўрапейскага Саюзу. Ён таксама нагадаў пра супольныя каштоўнасці краін Еўропы, у тым ліку і Беларусі і заўпэўніў, што беларускі народ абавязкова пакажа сваю прыхільнасць еўрапейскай ідэі на Маршы. Міхаіл Пашкевіч заклікаў дэмакратычныя краіны краіны падтрымаць Беларусь і прадэманстраваць салідарнасць 14 кастрычніка. Ён прапанаваў усім сябрам Беларусі правесці акцыі ў падтрымку Еўрапейскага Маршу на вуліцах еўрапейскіх гарадоў. Таксама ім быў прыведзены добры прыклад імкнення моладзі да еўрапейскай культуры - фестываль "Be2gether", які на мінулых выходных адбываўся у Літве. "Мы хочам жыць у Еўропе, а таксама - зрабіць Еўропу на Беларусі", - зазначыў Міхаіл. Вядома, што людзі, якія будуць перашкаджаць Еўрапейскаму Маршу, трапяць у пашыраныя спісы неўязных асобаў у краіны ЕС. Зміцер Хведарук перасцярог рэктараў універсітэтаў і супрацоўнікаў праваахоўных органаў, каб тыя не заміналі моладзі ўдзельнічаць у Еўрапейскім Маршы: "Абсалютна не варта чыніць перашкоды, бо Еўрапейскі Марш на Беларусі усё роўна адбудзецца". "Свабода – неад’емнае права чалавека, - сказаў напрыканцы прэс-канферэнцыі Мікіта Сасім, - Але Свабоду могуць адабраць. За Свабоду трэба змагацца. Ва ўсіх краінах менавіта моладзь была ў авангардзе пераменаў, у авангардзе барацьбы за Свабоду. Так будзе і ў Беларусі. Мы заклікаем усіх, хто падзяляе еўрапейскія каштоўнасці і бачыць нашу краіну свабоднай і незалежнай, насіць стужкі сіняга колеру – колеру Еўропы. Мы заклікаем як мага шырэй распаўсюджваць інфармацыю пра Еўрапейскі Марш. Мы заклікаем выйсці на Еўрапейскі Марш 14 кастрычніка!". Напрыканцы прэс-канферэнцыі дзяўчына, апранутая ў футболку ў сімволікай Еўрапейскага Маршу, раздала ўсім прысутным стужкі сіняга колеру. Варта адзначыць, што гэтыя стужкі ўсё часцей можна ўбачыць на вуліцах горада. Фотаздымкі: "Наша Ніва", "Хартыя 97" Вернуться назад |