DataLife Engine > Мінск, Матэрыялы ў прэсе, Таццяна Цішкевіч > Таццяна Цішкевіч: "Свабода ў Беларусі будзе на кані!"
Таццяна Цішкевіч: "Свабода ў Беларусі будзе на кані!"20.02.2008 - 22.51. Разместил: j-by |
|
Пасля адной са студзеньскiх акцый пратэсту прадпрымальнiкаў дзевятнаццацiгадовая маладзёжная актывiстка Таццяна Цiшкевiч апынулася за кратамi ў спецпрыёмнiку-размеркавальнiку на Акрэсцiна. Там дзяўчына даведалася, што ўжо не з'яўляецца студэнткай Беларускага дзяржаўнага унiверсiтэта фiзiчнай культуры. Хаця да таго, як Таццяну суд адправiў "на суткi", праблем з вучобай у яе не назiралася. Карэспандэнт "Народнай Волі" Віталь Гарбузаў пацікавіўся падрабязнасцямі затрымання і арышту Таццяны.
— Я навучалася на другiм курсе БДУФК на спецыяльнасцi "трэнер па конным спорце", — распавядае Таццяна. — Мне з дзяцiнства падабалiся конi. Самастойна даведалася, дзе можна займацца конным спортам, i шэсць гадоў ад'ездзiла на трэнiроўкi ў Ратамку. Лiтаральна днявала i начавала там. У вынiку здала нарматывы кандыдата ў майстры спорту. Выступала на спаборнiцтвах, былi неблагiя вынiкi... Зараз працягваю займацца конным спортам у прыватных клубах. Праўда, часу на гэта не так шмат... — Маеш на ўвазе свой актыўны ўдзел у грамадска-палiтычным жыццi краiны, выхады на акцыi пратэсту? Дарэчы, навошта табе, маладой, прывабнай дзяўчыне спатрэбiлася палiтыка? — Да пэўнага часу ў маiм жыццi акрамя спорту амаль нiчога не было. Я не цiкавiлася падзеямi, якiя адбывалiся ў Беларусi, не чытала недзяржаўных газет. У дэмакратычны рух прыйшла пасля знаёмства з Мiкiтам Сасiмам i iншымi актывiстамi. Праз iх я даведалася пра знiкненнi апанентаў улады, пра знявагу да беларускай мовы i культуры з боку ўлады... I вось ужо больш за год я актывiст грамадзянскай кампанii "Джынс за свабоду". — Таццяна, пасля адной са студзеньскiх акцый пратэсту прадпрымальнiкаў ты атрымала больш за ўсiх — ажно дваццаць сутак адмiнiстрацыйнага арышту... — Рана цi позна гэта павiнна было здарыцца... У нашай краiне дэмакратычныя актывiсты падвяргаюцца жорсткаму пераследу. Я ў гэтым сэнсе не выключэнне. Раней у мяне былi затрыманнi i штрафы, а вось "на суткi" трапiла ўпершыню. Мяне, зусім не вялікую дзяўчыну, затрымлiвалi ўпяцёх. Кiнулi ў аўтазак. Там збiвалi. На куртцы амапаўцы пакiнулi два сляды ад абутку. Калi апынулася на Акрэсцiна, то зразумела, што ў мяне страсенне галаўнога мозгу — у мяне круцiлася галава, мяне ванiтавала... — "Хуткую дапамогу" табе выклiкалi? — Выклiкалi, але не адразу. Прычым, калi прыехалi ў шпiталь, мiлiцыянт, якi мяне суправаджаў, адразу заявiў дактарам: "Яна сiмулюе, у бальнiцу класцi яе не трэба". Так мяне i вярнулi назад на Акрэсцiна. Мне яшчэ некалькi дзён было млосна. Адзiны станоўчы ва ўсёй гэтай гiсторыi момант — мне абсалютна не хацелася есцi. А рацыён на Акрэсцiна, мякка кажучы, не вельмi... — Там жа, на Акрэсцiна, ты даведалася, што ўжо не з'яўляешся студэнткай... — Так. Я не скажу, што была круглай выдатнiцай, але i вялiкiх "хвастоў" па вучобе ў мяне не было. Вучылася, як бальшыня спартсменаў. А адлiчылi мяне на падставе нясвоечасовай аплаты за навучанне. Я не магла заплацiць у час у сувязi са сваiм арыштам. Канечне, падстава па сваёй сутнасцi фармальная. Зараз я падала скаргу на гэтае рашэнне рэктарату. Бо ў дамове аб платным навучаннi, якую я заключыла перад паступленнем ва унiверсiтэт, напiсана, што ў выпадку нясвоечасовай аплаты за навучанне я маю права пагасiць запазычанасць з улiкам пенi. Вось i паглядзiм, цi дадуць мне такое права. — Таня, ведаю, што з-за тваёй актыўнай грамадзянскай пазiцыi дома ў цябе вялiкiя праблемы... — Гэта для мяне балючая тэма... Я, калi размаўляю са сваiмі бацькамi, вельмi добра ўяўляю галоўную праблему беларускай апазiцыi. Апазiцыйныя лiдэры не могуць пераламiць самасвядомасць людзей, не могуць дайсцi да iх. Сказаць, што мае мама i тата, якiх я вельмi люблю, негатыўна ставяцца да маёй дзейнасцi ў грамадскай кампанii "Джынс за свабоду", гэта значыць нiчога не сказаць. Яны рэгулярна глядзяць Беларускае тэлебачанне, а таму ўпэўнены, што мяне выкарыстоўваюць у нейкiх брудных гульнях, а сама я, нiчога не разумеючы, паддалася чужому ўплыву... — Спрабуеш тлумачыць, што гэта не так... — Спрабую на канкрэтных прыкладах. Яскравы прыклад — закон аб адмене льгот, якi закрануў значную частку нашага насельнiцтва. Мае бацькi працуюць на дзяржаўных прадпрыемствах, i iх гэтая праблема не закранула, але прыняты нашымi ўладамi закон закрануў iхніх бацькоў. Яны быццам бы i згаджаюцца, але потым усё роўна вяртаюцца да таго, што мяне выкарыстоўваюць i адна я нiчога не змяню... — Дык можа, прасцей усё кiнуць, засяродзiцца на спартыўнай кар'еры, аднавiцца на вучобе, забыцца пра акцыi пратэсту, штрафы i арышты? — Канечне, прасцей. Але я вельмi ўпартая, як многiя спартсмены. Я не прывыкла збочваць з абранага шляху i прайду яго да канца, чаго б мне гэта ні каштавала. Няма нiчога прасцей, чым займацца любiмай справай i быць абыякавай да таго, што адбываецца навокал. Я не такая. Як бы гэта пафасна ні прагучала, але мне балiць i чужы боль. I я ведаю, што не толькi мне. Нас шмат. Па сваёй натуры я рамантык, таму веру ў тое, што свабода ў Беларусi будзе на канi. |