Цягам двух месяцаў моладзевыя актывісты праводзілі апытанне ў школах, вышэйшых навучальных установах, а таксама на вуліцах сталіцы. 74% апытаных маладзёнаў станоўча выказаліся адносна магчымага далучэння Беларусі да еўрапейскай супольнасці.
Пра тое, якім чынам адбывалася апытанне, распавядае адзін з ініцыятараў акцыі - моладзевы актывіст Яўген Афнагель.
Я. Афнагель: Для нашых актывістаў мы падрыхтавалі анкеты з пытаннямі, і яны зьвярталіся да сваіх аднагодкаў. Першае пытанне гучала: як моладзь ставіцца да ўступлення Беларусі ў Еўрасаюз? Другое пытаньні было больш практычнае. Яно было адрасавана тым, хто даваў станоўчы адказ на папярэдняе. Гучала такім чынам: што гатовы зрабіць малады чалавек дзеля таго, каб краіна далучылася да еўрапейскай супольнасці? І былі пададзеныя некалькі варыянтаў адказу. Анкеты мы апрацоўвалі самастойна, бо гэта даволі простае заданне, ды і пытаньні былі нескладаныя.
Большасць маладых людзей станоўча ставіцца да ўступлення Беларусі ў Еўрасаюз. А на другое пытанне адказы падзяліліся па-рознаму. Амаль палова апытаных выказала гатоўнасць паставіць свае подпісы пад зваротам аб уступленьні ў ЕС. Многія гатовыя распаўсюджваць інфармацыйныя матэрыялы.
Самае галоўнае, што падчас апытання нашыя актывісты яшчэ і тлумачылі людзям, што Еўрасаюз можа даць Беларусі, і што Беларусь можа зарабіць для таго, каб далучыцца да Еўрапейскага Саюзу. Праводзілася яшчэ і тлумачальная праца для тых людзей, якія казалі, што падтрымліваюць ідэю ўступлення ў склад ЕС, але ня ведаюць, што могуць для гэтага зрабіць.
Як зазначае актывіст Павал Юхневіч, які асабіста займаўся апытаннем на вуліцах беларускай сталіцы, акцыя адбывалася без праблемаў і перашкодаў.
П. Юхневіч: Наколькі я ведаю, такога кшталту апытанні ў нас не праводзіліся. Да таго ж тут да моладзі звярталася такая ж моладзь. А моладзь паміж сабою заўжды добра разумеецца. У пераважнай большасьці была вельмі станоўчая рэакцыя. На вуліцах усё адбывалася, і не было ніякіх праблемаў. Вынікі пазытыўныя. Але мы і спадзяваліся, што ў нашай мэтавай аўдыторыі вынікі будуць станоўчыя.
Аналізуючы вынікі згаднага апытаньня, палітоляг Юры Чавусаў даволі скептычна ставіцца да гэтага даследаваньня грамадзкай думкі.
Ю. Чавусаў: Па маіх адчуваннях, абсалютна нельга казаць, што адбываюцца нейкія зрухі ў праеўрапейскасьці сярод беларускага насельніцтва. Моладзь заўжды была больш праеўрапейская. Але гэтая праеўрапейская моладзь эмігруе і хутчэй набліжае сябе да Еўропы, а не Еўропу да Беларусі. А тыя, хто застаецца, больш арыентаваныя на самастойнае разьвіццё. На разьвіцьцё Беларусі, як незалежнай краіны. З таго, што я чуў, мне цяжка казаць, што гэта сапраўды вартае ўвагі сацыялягічнае дасьледаванне. На мой погляд, гэта хутчэй выглядае, як піярны ход. І рабіць з гэтага выснову ў дачыненні да грамадзтва, мне падаецца, было б ня вельмі правільна. НІСЭПД дае значна меншыя лічбы. Нават сярод моладзі няма ніякага ўсплеску праеўрапейскасці. Канешне, моладзь - гэта не пэнсіянэры ў пляне еўрапейскасьці. Але нельга адназначна казаць, што гэта той лакаматыў, які вывядзе Беларусь у Еўропу. Абсалютна ня так.
У сваю чаргу Яўген Афнагель не падзяляе такога меркавання.
Я. Афнагель: Нават дзяржаўныя СМІ зусім нядаўна падалі лічбу, што палова насельніцтва Беларусі, паводле апытання беларускага тэлебачаньня, падтрымлівае ідэю далучэньня Беларусі да Еўрасаюзу. Мы ведаем, што гэтыя лічбы нашмат вышэйшыя, а сярод моладзі гэта абсалютная большасць. Моладзь лічыць,што наша краіна павінна ўвайсьці ў склад еўрапейскай супольнасьці, і што наша будучыня - ў Еўропе.
polskieradio.pl |