DataLife Engine > Мінск, Беларусь > САЛІДАРНАСЦЬ З ПАЛІТВЯЗНЯМІ. АКЦЫІ Ў МІНСКУ
САЛІДАРНАСЦЬ З ПАЛІТВЯЗНЯМІ. АКЦЫІ Ў МІНСКУ15.04.2008 - 22.45. Разместил: j-by |
|
Удзельнікі кампаніі выказалі сваю салідарнасць і падтрымку дэмакратычным актывістам, якіх заўтра чакае суд. Нягледзячы на тое, што ў акцыі прынялі ўдзел адносна няшмат людзей, пабачыць яе змаглі многія жыхары Мінска.
Справа ў тым, што актывісты кампаніі ўжылі новы, крыху нязвыклы для нашай краіны, фармат акцыі. Так, у другой палове дня ў горадзе было праведзена каля паўсотні пікетаў працягласцю ад 5 да 10 хвілінаў. У кожным з іх браў удзел адзін чалавек. Актывісты кампаніі станавіліся з партрэтамі сваіх сяброў, якіх заўтра чакае суд, ля дзяржаўных установаў, крамаў, рынкаў, цэркваў, на плошчах і прыпынках грамадскага транспарту. Людзям, якія цікавіліся прычынай правядзення акцыі, распавядалі, што 16 красавіка ў судзе Цэнтральнага раёну будуць судзіць маладых людзей за ўдзел у акцыі пратэсту, тлумачылі, што ім пагражае да 2 год зняволення. Адна з удзельніц акцый так пракаментавала яе правядзенне: "Па-першае, мы хацелі данесці інфармацыю пра суд да як мага большай колькасці жыхароў гораду. Праз тое, што акцыі прайшлі ў дзесятках месцаў, гэта ўдалося. Па-другое, гэта яшчэ і пэўная трэніроўка для нашых людзей, бо адна справа выходзіць на масавую акцыю, дзе побач з табою шмат сяброў, і зусім іншая - выходзіць аднаму. Гэта патрабуе зусім іншага ўзроўню асабістай мужнасці". У некаторыя месцы праз пэўны час пасля сканчэння пікету прыбывалі супрацоўнікі міліцыі, прычым, бліжэй да вечара іх паводзіны станавіліся больш разгубленымі і нэрвовымі. Гэта і зразумела, бо, напрыклад, у раёне плошчы Якуба Коласа прайшло шэсць адзіночных пікетаў. Нягледзячы на тое, што большасць акцый прайшла ў цэнтры Мінска, іх удзельнікам удалося пазбегнуць затрыманняў. |