Чарнобыльскі Шлях прайшоў у Мінску сёння. Акцыя пачалася каля будынку Акадэміі Навук і скончылася ў парку Дружбы народаў. Калону ўдзельнікаў шэсця узначальвалі актывісты "Еўрапейскай Беларусі", якія неслі расцяжку "Чарнобыльскі Шлях". Увесь маршрут шэсця пралягаў па тратуарах, толькі ў раёне перакрыжавання вуліц Сурганава і Якуба Коласа яго ўдзельнікі выйшлі на праезжую частку.
У гэтым годзе "Чарнобыльскі Шлях" быў вельмі малалюдным - па розных ацэнках у акцыі ўдзельнічалі ад 1 да 2 тысячаў чалавек. Увесь час калону суправаджалі некалькі аўтазакаў, але ніхто з удзельнікаў ня быў затрыманы.