DataLife Engine > Еўрасаюз > Еўропа ў 12 уроках. Навошта патрэбны Еўрапейскі саюз?

Еўропа ў 12 уроках. Навошта патрэбны Еўрапейскі саюз?


29.04.2008 - 05.43. Разместил: j-by
Еўропа ў 12 уроках. Навошта патрэбны Еўрапейскі саюз?Якая мэта ЕС? Чаму і як ён быў створаны? Як працуе? Што даў сваім грамадзянам і якія новыя праблемы стаяць перад ім сёння? Якія змены мусіць зазнаць Еўрапейскі саюз, калі пашырыцца да 25 або 30 краін? Ці можа ЕС паспяхова канкурыраваць з іншымі буйнымі эканомікамі ў век глабалізацыі? Ці здольная Еўропа па-ранейшаму адыгрываць вядучую ролю на сусветнай арэне?

Гэта толькі асобныя з пытанняў, якія разглядае ў гэтай захапляльнай брашуры эксперт ЕС, былы універсітэцкі выкладчык Паскаль Фантэйн. Яна будзе выкладацца на нашым сайце ў выглядзе 12 урокаў з 29 красавіка да 10 мая.

Навошта патрэбны Еўрапейскі саюз?

Ідэя аб'яднанай Еўропы калісьці была толькі марай у розумах філосафаў і прарокаў. Віктор Гюго, напрыклад, маляваў ва ўяўленні мірныя "Злучаныя Штаты Еўропы", прасякнутыя ідэаламі гуманізму. Дзве страшныя вайны, што раздзіралі кантынент у першай палове ХХ стагоддзя, не пакінулі каменя на камені ад гэтай мары.

Аднак на руінах Другой сусветнай вайны з'явілася новая надзея. Людзі, што аказалі супраціў таталітарызму падчас вайны, былі поўныя рашучасці пакласці канец міжнароднай нянавісці і саперніцтву ў Еўропе і пабудаваць трывалы мір паміж былымі ворагамі. У перыяд ад 1945 да 1950 года жменька мужных дзяржаўных дзеячаў, што ўключала Конрада Адэнаўэра, Уінстана Чэрчыля, Алкіда дэ Гасперы і Рабера Шумана, узялася пераконваць свае народы ўступіць у новую эру. У Заходняй Еўропе будзе новы парадак, заснаваны на агульных інтарэсах яе народаў і нацый, і ён будзе грунтавацца на дагаворах, што гарантуюць уладу закону і роўнасць між усімі краінамі.

Рабер Шуман (міністр замежных спраў Францыі) падхапіў ідэю, першапачаткова вылучаную Жанам Манэ, і 9 мая 1950 года прапанаваў стварыць Еўрапейскае аб'яднанне вугалю і сталі (ЕАВС). У краінах, што некалі змагаліся адна з адной, вытворчасць вугалю і сталі павінна быць аб'яднаная пад агульным кіраваннем — "вярхоўнай уладай". Практычна, але таксама і глыбока сімвалічна выглядала тое, што сыравіна вайны ператваралася ў інструмент паразумення і міру.

Гэты смелы і высакародны крок меў вялікі поспех. Ён паклаў пачатак болей чым паўвекавому мірнаму супрацоўніцтву паміж краінамі — членамі Еўрапейскіх супольнасцей. Маастрыхцкім дагаворам 1992 года інстытуты Супольнасці былі ўмацаваныя і надзеленыя болей шырокімі паўнамоцтвамі — быў створаны Еўрапейскі саюз (ЕС) сам па сабе.

ЕС выканаў цяжкую працу, дапамагаючы аб'яднанню Германіі пасля падзення Берлінскага муру ў 1989 годзе. Калі савецкая імперыя распалася ў 1991 годзе, краіны Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, што на працягу дзесяцігоддзяў жылі пад аўтарытарным ярмом Варшаўскага дагавора, цалкам натуральна вырашылі, што іх будучыня звязаная з сям'ёй дэмакратычных еўрапейскіх нацый.

Абарона і бяспека

Аднак і ў ХХІ стагоддзі Еўропа па-ранейшаму мусіць вырашаць праблемы абароны і бяспекі. Гэтыя рэчы нельга пускаць на самацёк. Кожны новы крок па шляху сусветнага развіцця нясе з сабою не толькі магчымасці, але і рызыкі. ЕС мусіць прымаць эфектыўныя захады дзеля гарантавання абароны і бяспекі сваіх 15 (а неўзабаве і 25) дзяржаў-удзельніц. Яму даводзіцца канструктыўна працаваць з рэгіёнамі, што знаходзяцца непасрэдна ля яго межаў, — Паўночнай Афрыкай, Балканамі. Каўказам, Блізкім Усходам. Трагічныя падзеі 11 верасня 2001 года ў Нью-Йорку і Вашынгтоне раскрылі нам усім вочы на тое, наколькі ўразлівыя мы перад разгулам фанатызму і помслівасці.

Інстытуты ЕС адыгрываюць галоўную ролю ў паспяховым стварэнні і дзейнасці еўрапейскай сістэмы, што прынесла рэальны і трывалы мір вялікаму рэгіёну планеты. Але ЕС мусіць таксама бараніць свае ваенна-стратэгічныя інтарэсы праз узаемадзеянне з саюзнікамі — асабліва з саюзнікамі па НАТО — і праз выпрацоўку сапраўды еўрапейскай палітыкі ў сферы бяспекі і абароны.

Унутраная і вонкавая бяспека — гэта два бакі аднаго медаля. Іншымі словамі, ЕС таксама мусіць змагацца з тэрарызмам і арганізаванай злачыннасцю, і гэта азначае, што сілы паліцыі ўсіх краін ЕС павінны цесна супрацоўнічаць. Адна з новых задач, што стаяць перад Еўропай, палягае ў тым, каб ператварыць ЕС у зону свабоды, бяспекі і справядлівасці, дзе справядлівасць і абарона законам даступныя кожнаму ў роўнай ступені. Дзеля гэтых інтарэсаў урадам ЕС неабходна ўзаемадзейнічаць болей шчыльна, і органы кшталту Еўрапола (Еўрапейскае паліцэйскае ўпраўленне) мусяць адыгрываць болей актыўную і эфектыўную ролю.

Эканамічная і сацыяльная салідарнасць

Еўрапейскі саюз быў створаны дзеля дасягнення палітычных мэтаў, аднак яго развіццё і поспех грунтуюцца на эканамічных асновах — адзіным рынку, утвораным усімі дзяржавамі ЕС, і адзінай валюце (еўра), якую выкарыстоўваюць 12 з іх.

Доля краін ЕС у насельніцтве ўсёй Зямлі няспынна змяншаецца. Таму, каб забяспечыць эканамічны рост і канкурыраваць на сусветнай арэне з іншымі буйнымі эканамічна развітымі краінамі, дзяржавы ЕС павінны дзейнічаць супольна. Ніводная з іх паасобку не валодае дастатковымі магчымасцямі, каб самастойна канкурыраваць у сусветным гандлі. Каб стварыць высокаразвітую эканоміку і знаходзіць новых заказчыкаў, еўрапейскім кампаніям неабходна працаваць на больш буйных рынках, чым іх унутраныя. Вось чаму ЕС прыклаў столькі намаганняў, каб адкрыць адзіны еўрапейскі рынак, здымаючы перашкоды ў гандлі і скасоўваючы бюракратычныя бар'еры, што замінаюць суб'ектам эканамічнай дзейнасці.

Аднак агульнаеўрапейская свабодная канкурэнцыя мусіць быць збалансаваная агульнаеўрапейскай салідарнасцю, якая выяўляецца ў практычнай дапамозе простым людзям. Калі насельніцтва еўрапейскіх краін становіцца ахвярай паводак ці іншых прыродных бедстваў, яму аказваецца дапамога з бюджэту ЕС. Акрамя таго, кантынентальны рынак, што ўключае 380 мільёнаў спажыўцоў, павінен быць выгадны для як мага большай колькасці людзей. Структурныя фонды, што знаходзяцца пад кіраваннем Еўрапейскай камісіі, служаць сродкам заахвочвання і падтрымкі намаганняў, якія прадпрымаюцца рэгіянальнымі і нацыянальнымі уладамі ЕС і скіраваныя на пераадоленне няроўнасці ў развіцці рэгіёнаў Еўропы. Бюджэт ЕС і сродкі, што выдзяляюцца Еўрапейскім інвестыцыйным банкам, выкарыстоўваюцца для ўдасканалення еўрапейскай транспартнай інфраструктуры (напрыклад для развіцця сеткі аўтадарог і хуткасных чыгунак), паляпшаючы доступ да аддаленых рэгіёнаў і стымулюючы транс'еўрапейскі гандаль.

Умацаванне супрацоўніцтва ў мэтах прасоўвання еўрапейскай мадэлі грамадства

Еўрапейскія постіндустрыяльныя грамадствы становяцца ўсё болей складанымі. Узровень жыцця стала расце, аднак па-ранейшаму захоўваецца разрыў паміж багаццем і беднасцю, які можа яшчэ болей павялічыцца па меры таго, як у ЕС будуць уступаць былыя камуністычныя краіны. Вось чаму так важна, каб дзяржавы ЕС болей шчыльна супрацоўнічалі пры вырашэнні сацыяльных праблем.

У канчатковым выніку гэтае супрацоўніцтва выгаднае кожнай краіне ЕС. Паўвекавая гісторыя еўрапейскай інтэграцыі даказала, што цэлае — большае, чым простая сума складаных частак. ЕС як адзінае цэлае валодае нашмат магутнейшым эканамічным, сацыяльным, тэхнічным, гандлёвым і палітычным уплывам, чым могуць даць асобныя намаганні дзяржаў-членаў, нават калі такія высілкі робяцца адначасова. Дзейнічаючы супольна і выступаючы як Еўрапейскі саюз, гэтыя дзяржавы набываюць дадатковыя перавагі.

Чаму? Таму што ЕС уяўляе сабой вядучую гандлёвую сілу свету, якая адыгрывае ключавую ролю ў міжнародным перамоўным працэсе. ЕС уносіць увесь свой гандлёвы і сельскагаспадарчы патэнцыял у Сусветную гандлёвую арганізацыю і ў рэалізацыю Кіёцкага пратакола па мерах зніжэння выкідаў у атмасферу і прадухілення змен клімату. Еўрапейскі саюз выступіў з важнымі ініцыятывамі на Йаханесбургскім саміце па устойлівым развіцці ў жніўні 2002 года. Ён займае выразную пазіцыю ў вострых пытаннях, што тычацца простых людзей, — такіх як навакольнае асяроддзе, узнаўляльныя крыніцы энергіі, прынцып асцярожнасці ў прадуктовай бяспецы, этычныя аспекты біятэхналогіі і неабходнасць абароны відаў, што выміраюць.

Старое выслоўе "Моц у яднанні" як ніколі актуальнае сёння для еўрапейцаў. Моц Еўропы абумоўленая яе здольнасцю рабіць аб'яднаныя намаганні на падставе рашэнняў, што прымаюцца дэмакратычнымі інстытутамі: Еўрапейскім саветам, Еўрапейскім парламентам, Саветам міністраў, Еўрапейскай камісіяй, Судом Еўрапейскіх супольнасцей і Судом аўдытараў.

Еўрапейскі саюз мае на мэце распаўсюд чалавечых каштоўнасцей і сацыяльнага прагрэсу. Еўрапейцы бачаць, што глабалізацыя і тэхналагічныя змены перайначваюць свет, і яны хочуць, каб людзі ўсюды былі гаспадарамі, а не ахвярамі гэтага працэсу зменаў. Патрэбы людзей не могуць быць задаволеныя толькі рынкавымі механізмамі ці аднабаковымі дзеяннямі краіны.

Такім чынам, ЕС стаіць на пазіцыях гуманітарных прынцыпаў і той мадэлі грамадства, што маюць падтрымку велізарнай большасці еўрапейцаў. Еўрапейцы шануюць сваю багатую спадчыну каштоўнасцей, што ўключае веру ў правы чалавека, сацыяльную салідарнасць, свабоднае прадпрымальніцтва, справядлівае размеркаванне вынікаў эканамічнага росту, права на бяспечнае навакольнае асяроддзе, павагу да культурных, моўных і рэлігійных адметнасцей і гарманічнае спалучэнне традыцый і прагрэсу.

Хартыя фундаментальных правоў ЕС, абвешчаная ў Ніццы 7 снежня 2000 года, прадугледжвае ўсе правы, якія сёння прызнаюцца 15 дзяржавамі — членамі ЕС і іх грамадзянамі. Еўрапейцы валодаюць багаццем нацыянальных і мясцовых культур, што адрозніваюць жыхароў кантынента між сабою, аднак іх яднае агульная спадчына каштоўнасцей, што вылучаюць еўрапейцаў з астатняга свету.

Маастрыхцкі дагавор ўпершыню замацаваў прынцып субсідыярнасці, які акрэслівае характар дзейнасці Еўрапейскага саюза. Гэта азначае, што ЕС і яго інстытуты робяць захады толькі ў тым выпадку, калі яны будуць болей дзейсныя на ўзроўні ЕС, чым на нацыянальным або мясцовым. Гэты прынцып выключае залішняе ўмяшанне ЕС у штодзённае жыццё яго грамадзян. Еўрапейская адметнасць з'яўляецца каштоўнасцю, якую належыць захоўваць; яе не варта блытаць з аднастайнасцю, якую еўрапейцы безумоўна адхіляюць.

Прадстаўнiцтва Еўрапейскай камiсii