
Сённяшні Еўрапейскі саюз з'яўляецца вынікам намаганняў, прыкладзеных мужчынамі і жанчынамі, што працуюць дзеля аб'яднанай Еўропы. ЕС абапіраецца на іх канкрэтныя дасягненні. У ніводным іншым рэгіёне свету незалежныя дзяржавы яшчэ не аб'ядноўвалі свае суверэнітэты ў такой ступені і ў гэтакіх розных галінах, што маюць велізарную важнасць для іх грамадзян. ЕС стварыў адзіную валюту і дынамічны агульны рынак, дзе людзі, паслугі, тавары і капітал рухаюцца вольна. Ён імкнецца зрабіць так, каб у выніку сацыяльнага прагрэсу і справядлівай канкурэнцыі як мага болей людзей маглі скарыстацца перавагамі гэтага адзінага рынку.
Асноўныя правілы Еўрапейскага саюза выкладаюцца ў шэрагу дагавораў:
Парыжскі дагавор 1951 года, што заснаваў Еўрапейскае аб'яднанне вугалю і сталі (ЕАВС);
Рымскія дагаворы 1957 года, што заснавалі Еўрапейскую эканамічную супольнасць (ЕЭС) і Еўрапейскую супольнасць па атамнай энергіі (Еўраатам).
Гэтыя асноўныя дагаворы пазней былі дапоўненыя наступнымі дакументамі:
Адзіным еўрапейскім актам (1986 г.);
Дагаворам аб Еўрапейскім саюзе (Маастрыхт, 1992 г.);
Амстэрдамскім дагаворам (1997 г.);
Ніццкім дагаворам (2001 г.).
Гэтыя дамовы значна ўмацавалі прававыя стасункі паміж дзяржавамі ЕС. Законы Еўрапейскага саюза робяць непасрэдны ўплыў на грамадзян ЕС і надзяляюць іх зусім канкрэтнымі правамі.
Першы крок на шляху еўрапейскай інтэграцыі быў зроблены тады, калі шэсць краін (Бельгія, Федэратыўная Рэспубліка Германія, Францыя, Італія, Люксембург і Нідэрланды) стварылі агульны рынак вугалю і сталі. Мэта гэтага кроку, здзейсненага неўзабаве пасля Другой сусветнай вайны, палягала ў тым, каб забяспечыць мір паміж перамоглымі і пераможанымі нацыямі Еўропы. Гэты крок паяднаў іх як роўных праз супрацоўніцтва ў агульных інстытутах.
Тады ж шэсць дзяржаў-удзельніц прынялі рашэнне стварыць Еўрапейскую эканамічную супольнасць (ЕЭС), заснаваную на агульным рынку з шырокім спектрам тавараў і паслуг. Мытныя пошліны паміж гэтымі шасцю краінамі былі цалкам скасаваныя 1 ліпеня 1968 года, і ў 1960-х гадах была ўведзеная агульная палітыка, у прыватнасці, у галіне гандлю і сельскай гаспадаркі.
Гэты крок быў настолькі паспяховы, што Данія, Ірландыя і Вялікабрытанія прынялі рашэнне далучыцца да Еўрапейскіх супольнасцей. Гэтае першае пашырэнне з шасці да дзевяці ўдзельнікаў адбылося ў 1973 годзе. У той самы час Супольнасці ўзялі на сябе чарговыя задачы і пачалі праводзіць новую сацыяльную, рэгіянальную і прыродаахоўную палітыку. Для рэалізацыі рэгіянальнай палітыкі ў 1975 годзе быў заснаваны Еўрапейскі рэгіянальны фонд развіцця.
На пачатку 1970-х гадоў лідэры ЕЭС зразумелі, што мусяць прывесці свае эканамічныя сістэмы ў адпаведнасць адна з адной і што ў рэшце рэштаў патрэбны валютны саюз. Аднак прыблізна ў той самы час ЗША вырашылі прыпыніць канверсоўнасць долара ў золата. Гэта стала прадвесцем перыяду вялікай нестабільнасці на сусветных валютных рынках, што ўзмацнялася нафтавымі крызісамі 1973 і 1979 гадоў. Увядзенне Еўрапейскай валютнай сістэмы (ЕВС) ў 1979 годзе дазволіла стабілізаваць курсы абмену валют і заахвоціла дзяржавы — члены Супольнасці ажыццяўляць жорсткую палітыку, што дазваляла захоўваць узаемную салідарнасць і дысцыплінаваць свае эканамічныя сістэмы.
У 1981 годзе да Супольнасцей далучылася Грэцыя, у 1986 годзе яе прыклад узялі Іспанія і Партугалія. Тым болей пільнай стала патрэба ўвесці структурныя праграмы, такія як першыя Аб'яднаныя міжземнаморскія праграмы, скіраваныя на скарачэнне розніцы ў эканамічным развіцці паміж 12 дзяржавамі-удзельніцамі.
У той самы час ЕЭС пачала адыгрываць болей прыкметную ролю на міжнароднай арэне. З краінамі Афрыкі, басейна Карыбскага мора і Ціхага акіяна яна падпісала шэраг канвенцый аб дапамозе і гандлі (І, ІІ, ІІІ і ІV Ламэйскія канвенцыі, 1975—1989 гг.), што прывялі да заключэння Пагаднення ў Катану ў чэрвені 2000 года. Такія інструменты дапамагаюць Еўропе, вядучай гандлёвай сіле свету, дзейнічаць — і дзейнічаць заўважна — на міжнароднай арэне. Канчатковая мэта Еўрапейскага саюза палягае ў ажыццяўленні агульнай вонкавай палітыкі і палітыкі ў галіне бяспекі.
Сусветны эканамічны спад пачатку 1980 гадоў спарадзіў хвалю "еўрапесімізму". Але надзея адрадзілася ў 1985 годзе, калі Еўрапейская камісія пад кіраўніцтвам старшыні Жака Дэлора апублікавала "Белую кнігу", што вызначыла графік завяршэння фарміравання Еўрапейскага адзінага рынку да 1 студзеня 1993 года. Супольнасці прынялі гэты амбіцыйны мэтанакіраваны дакумент і замацавалі яго ў Адзіным еўрапейскім акце, што быў падпісаны ў лютым 1986 года і набыў моц 1 ліпеня 1987 года.
Палітычнае аблічча Еўропы карэнным чынам змянілася з падзеннем Берлінскага муру ў 1989 годзе. Наступствам гэтага з'явілася ўз'яднанне Германіі 3 кастрычніка 1990 года і прыход дэмакратыі ў краіны Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, што выслабаніліся ад савецкага кантролю. Сам Савецкі Саюз спыніў існаванне ў снежні 1991 года.
Між тым Еўрапейскія супольнасці таксама змяняліся. Дзяржавы ЕС вялі перамовы пра заключэнне новага дагавора, які быў зацверджаны Еўрапейскім саветам (г.зн. іх прэзідэнтамі і/або прэм'ер-міністрамі) у Маастрыхце ў снежні 1991 года. Гэты "Дагавор аб Еўрапейскім саюзе" набыў моц 1 лістапада 1993 года. ЕЭС была перайменаваная ў Еўрапейскую супольнасць. Яшчэ болей, праз дадаванне сфер міжурадавага супрацоўніцтва да той сістэмы Супольнасці, што існавала, дагавор стварыў Еўрапейскі саюз (ЕС). Акрамя таго, ён паставіў новыя амбіцыйныя мэты перад дзяржавамі-удзельніцамі: стварэнне валютнага саюза да 1999 года, еўрапейскае грамадзянства, новая агульная палітыка, у тым ліку агульная вонкавая палітыка і палітыка ў галіне бяспекі, і меры ўнутранай бяспекі.
Новае еўрапейскае развіццё і зменлівая геапалітычная сітуацыя на кантыненце заахвоцілі яшчэ тры краіны — Аўстрыю, Фінляндыю і Швецыю — далучыцца да ЕС 1 студзеня 1995 года. Цяпер у саюз уваходзілі 15 дзяржаў, і ён уступіў на шлях да свайго дасюль самага выдатнага дасягнення — замены нацыянальных валют адзінай еўрапейскай валютай еўра. 1 студзеня 2002 года банкноты і манеты еўра былі выпушчаныя ў абарачэнне ў 12 краінах ЕС ("зона еўра"). Сёння еўра з'яўляецца адной з вядучых валют свету нароўні з доларам ЗША.
Цяпер, калі свет уступіў у ХХІ стагоддзе, еўрапейцы маюцца разам вырашаць праблему глабалізацыі. Новыя рэвалюцыйныя тэхналогіі і шпаркае развіццё Інтэрнета пераўтвараюць сусветную эканоміку. Аднак гэтыя глыбокія эканамічныя зрухі нясуць з сабою сацыяльныя ўзрушэнні і рэзкія змены ў культуры.
На сустрэчы ў Лісабоне ў сакавіку 2000 года Еўрапейскі саюз зацвердзіў шматбаковую стратэгію мадэрнізацыі эканомікі ЕС у мэтах павышэння яе канкурэнтаздольнасці на сусветным рынку ўвогуле і ў дачыненні да яго іншых асноўных удзельнікаў, такіх як ЗША і новыя індустрыяльныя краіны. Лісабонская стратэгія мае на мэце адкрыццё ўсіх галін эканомікі для канкурэнцыі, заахвочванне інвестыцый у інавацыі і бізнес, а таксама мадэрнізацыю еўрапейскай сістэмы адукацыі ў адпаведнасці з патрэбамі інфармацыйнага грамадства.
У той самы час беспрацоўе і рост кошту пенсійнага забеспячэння ствараюць сур'ёзны ціск на эканоміку дзяржаў ЕС, робячы рэформы яшчэ болей пільна патрэбнымі. Выбаршчыкі ўсё больш настойліва заклікаюць свае ўрады знайсці практычныя рашэнні гэтых праблем.
Ледзьве толькі Еўрапейскі саюз пашырыўся да 15 дзяржаў, як у яго дзверы пастукаліся яшчэ 12 краін. У сярэдзіне 1990-х гадоў ён атрымаў заяўкі на далучэнне ад краін былога савецкага блока (Балгарыі, Чэшскай Рэспублікі, Венгрыі, Польшчы, Румыніі і Славакіі), трох прыбалтыйскіх краін, што раней уваходзілі ў Савецкі Саюз (Эстоніі, Латвіі і Літвы), адной з рэспублік былой Югаславіі (Славеніі) і дзвюх краін Міжземнамор'я (Кіпра і Мальты).
ЕС вітаў магчымасць садзейнічаць стабілізацыі Еўрапейскага кантынента і распаўсюдзіць перавагі аб'яднання Еўропы на гэтыя маладыя дэмакратыі. Перамовы аб далучэнні з гэтымі краінамі-кандыдаткамі былі пачатыя ў Люксембургу ў снежні 1997 года і ў Хельсінкі ў снежні 1999 года.Саюз быў на шляху да самага буйнога пашырэння за ўсю сваю гісторыю. Перагаворы з 10 краінамі-кандыдаткамі былі завершаныя 13 снежня 2002 года ў Капенгагене. У 2004 годзе ў Еўрапейскім саюзе будзе 25 дзяржаў, і ён будзе расці па меры таго, як новыя краіны будуць далучацца ў наступныя гады.
Больш чым паўвекавая інтэграцыя зрабіла велізарны ўплыў на гісторыю Еўропы і менталітэт еўрапейцаў. Урады дзяржаў ЕС, незалежна ад палітычнай афарбоўкі, разумеюць, што эпоха абсалютнага нацыянальнага суверэнітэту мінула і што толькі аб'яднаўшы намаганні ды ідучы шляхам "ад гэтага часу агульнага лёсу" (кажучы словамі Дагавора ЕАВС), іх старажытныя нацыі здолеюць забяспечваць бесперапынны сацыяльна-эканамічны прагрэс і захоўваць уплыў у свеце.
Інтэграцыя садзейнічала пераадоленню адвечнай варожасці паміж еўрапейскімі краінамі. Аргументы перавагі і палітыкі з пазіцыі сілы ў вырашэнні міжнародных спрэчак былі замененыя калектыўным метадам супрацоўніцтва. Гэты метад, заснаваны на балансе нацыянальных і агульных інтарэсаў і павазе да нацыянальных адметнасцей у межах прыналежнасці да саюза, сёння важны як ніколі. Падчас "халоднай вайны" ён дапамагаў дэмакратычным і свабодалюбным краінам Еўропы захоўваць адзінства. Канец антаганізму паміж усходам і захадам, палітыка-эканамічнае ўз'яднанне кантынента з'яўляюцца перамогай еўрапейскага духу — духу, у якім народы Еўропы маюць сёння патрэбу як ніколі.
Еўрапейскі саюз прапануе адказ на велізарную праблему глабалізацыі — адказ, што выяўляе агульныя каштоўнасці, у якія вераць еўрапейцы. Але, што самае галоўнае, ЕС дае найболей надзейную з усіх магчымых гарантый вольнай і мірнай будучыні.
Прадстаўніцтва Еўрапейскай Камісіі