DataLife Engine > Еўрасаюз > Еўропа ў 12 уроках. Еўра

Еўропа ў 12 уроках. Еўра


05.05.2008 - 10.28. Разместил: j-by
Еўропа ў 12 уроках. ЕўраЗ 1 студзеня 2002 года больш за 300 мільёнаў еўрапейскіх грамадзян выкарыстоўваюць еўра як звычайны элемент штодзённага жыцця. Спатрэбілася толькі 10 гадоў, каб прайсці шлях ад Маастрыхцкага дагавора (люты 1992 года), што замацаваў прынцып адзінай еўрапейскай валюты, да дня, калі банкноты і манеты еўра трапілі ў абарачэнне ў 12 краінах ЕС. Гэта беспрэцэдэнтна кароткі тэрмін, каб ажыццявіць унікальную для сусветнай гісторыі аперацыю.

Еўра замяніў валюты, што былі для многіх краін шматвекавымі сімваламі, інструментамі нацыянальнага суверэнітэту. Пры гэтым новая валюта істотна прасунула Еўропу ў кірунку эканамічнага саюза. Гэта таксама дало грамадзянам ЕС нашмат болей выразнае асэнсаванне агульнай еўрапейскай прыналежнасці. Маючы ў кішэні еўра, можна вандраваць і рабіць пакупкі ў большасці краін саюза без патрэбы мяняць грошы.

Як жа зарадзілася ідэя адзінай еўрапейскай валюты? Яшчэ ў 1970 годзе ў дакладзе Вернера, названым так паводле імя тагачаснага прэм'ер-міністра Люксембурга, было прапанавана зблізіць эканомікі і валюты шасці краін ЕЭС. Першы крок у гэтым кірунку быў зроблены толькі ў сакавіку 1979 года, калі была створаная Еўрапейская валютная сістэма (ЕВС). ЕВС мела на мэце скараціць дыспрапорцыі абменных курсаў валют дзяржаў-удзельніц. Яна ўсталявала межы іх вагання ад 2,25 да 6%. Аднак яе эфект быў аслаблены серыяй крызісаў, выкліканых нестабільнасцю долара ЗША і слабасцю асобных валют, якія станавіліся ахвярай спекулянтаў, асабліва ў перыяды міжнароднай напружанасці.
Патрэба ў зоне валютнай стабільнасці адчувалася ўсё мацней па меры таго, як Еўропа прасоўвалася да канчатковага афармлення адзінага рынку. Адзіны еўрапейскі акт, падпісаны ў лютым 1986 года, лагічна меў на ўвазе збліжэнне эканомік еўрапейскіх краін і неабходнасць абмежаваць ваганні абменных курсаў іх валют. Як можна было чакаць дакладнай працы адзінага рынку, заснаванага на вольным руху людзей, тавараў і капіталу, калі валюты, што цыркулююць на гэтым рынку, могуць быць дэвальваваныя? Дэвальвацыя валюты дала б ёй непарытэтную канкурэнтную перавагу і прывяла б да парушэння гандлю.

У чэрвені 1989 года на пасяджэнні Еўрапейскага савета ў Мадрыдзе старшыня Камісіі Жак Дэлор прапанаваў план і графік стварэння эканамічнага і валютнага саюза (ЭВС). Гэты план быў потым замацаваны ў дагаворы, падпісаным у Маастрыхце ў лютым 1992 года. Дагавор ўсталяваў сістэму крытэрыяў, якім павінны адпавядаць дзяржавы-удзельніцы, каб быць прынятымі ў ЭВС. Усе гэтыя крытэрыі тычыліся эканамічнай і фінансавай дысцыпліны: стрымліванне інфляцыі, зніжэнне працэнтных ставак, скарачэнне бюджэтнага дэфіцыту максімум да 3% ВУП, абмежаванне дзяржаўнага запазычвання максімум да 60% ВУП і стабілізацыя абменнага курсу валют.

У пратаколах, прыкладзеных да дагавора, Данія і Вялікабрытанія пакінулі за сабой права не пераходзіць да трэцяга этапа ЭВС (г.зн. увядзення еўра) нават пры адпаведнасці згаданым крытэрыям. Гэта было названа "выбарам". Пасля рэферэндуму Данія абвясціла, што не мае намеру ўводзіць еўра. Швецыя таксама ўстрымалася.

Неабходна было знайсці спосаб забяспечыць стабільнасць адзінай валюты, паколькі інфляцыя зніжае канкурэнтаздольнасць эканомікі, давер людзей і іх пакупную здольнасць. Таму быў заснаваны незалежны Еўрапейскі цэнтральны банк (ЕЦБ) са штаб-кватэрай у Франкфурце, перад якім была пастаўлена задача вызначаць працэнтныя стаўкі ў мэтах падтрымання кошту еўра.

У чэрвені 1997 года ў Амстэрдаме Еўрапейскі саюз прыняў дзве важныя рэзалюцыі.

Першая, вядомая як Пакт стабільнасці і росту, абавязвала краіны-удзельніцы захоўваць бюджэтную дысцыпліну. Яны мусяць пільна кантраляваць адна адну і не дапускаць раздзімання бюджэтных дэфіцытаў.

Другая рэзалюцыя тычылася эканамічнага росту. Яна абвясціла, што дзяржавы-удзельніцы і Камісія цвёрда прытрымліваюцца таго прынцыпу, што праблема занятасці ўзначальвае спіс праблем, якія стаяць перад ЕС.
У снежні 1997 года ў Люксембургу Еўрапейскі савет прыняў яшчэ адну рэзалюцыю — датычна каардынацыі эканамічнай палітыкі.

Яна прадугледжвае важнае рашэнне аб тым, што "міністры краін, якія ўваходзяць у зону еўра, могуць сустракацца ў нефармальнай абстаноўцы, каб абмеркаваць пытанні, што тычацца абавязкаў іх краін у межах падзелу адказнасці за адзіную валюту". Такім чынам, палітычныя лідэры ЕС праклалі шлях да яшчэ болей цесных сувязей паміж краінамі, што прынялі еўра, — сувязей, якія выходзяць за межы валютнага саюза і ахопліваюць пытанні фінансавай, бюджэтнай, сацыяльнай і падатковай палітыкі.

Поспехі ў стварэнні ЭВС спрасцілі адкрыццё і канчатковае афармленне адзінага рынку. Нягледзячы на неспакойную сітуацыю ў свеце (крызісы на фондавым рынку, атакі тэрарыстаў і вайна ў Іраку), зона еўра характарызуецца дастатковай стабільнасцю і прадказальнасцю, што так патрэбна спажыўцам. Даверу еўрапейскіх грамадзян да еўра таксама спрыяла паспяховае і нечакана хуткае ўвядзенне манет і банкнот у першай палове 2002 года. Людзям падабаецца, што рабіць усюды пакупкі стала прасцей, і зараз яны могуць нэпасрэдна параўноўваць кошты ў еўрапейскіх краінах.

Еўра стаў другой паводле значнасці сусветнай валютай. Ён усё часцей выкарыстоўваецца ў міжнародных разліках і ў якасці рэзервовай валюты паралельна з доларам ЗША. Інтэграцыя фінансавых рынкаў зоны еўра атрымала паскарэнне, пры гэтым назіраецца зліццё не толькі фірмаў, што вядуць аперацыі з фондавымі паперамі, але і фондавых біржаў. План захадаў ЕС ў справе фінансавых паслуг мусіць быць ажыццёўлены да 2005 года.

Паэтапнае ўвядзенне еўра

7 лютага 1992 года: падпісанне Маастрыхцкага дагавора

Пагадненне датычна Дагавора аб Еўрапейскім саюзе і эканамічным і валютным саюзе (ЭВС) было дасягнутае ў Маастрыхце ў снежні 1991 года. Яно было падпісанае ў лютым 1992 года і набывае моц у лістападзе 1993-га. Згодна з гэтым дагаворам, нацыянальныя валюты будуць замененыя адзінай еўрапейскай валютай пры ўмове, што краіны-удзельніцы адпавядаюць шэрагу эканамічных умоў. Найбольш важным з маастрыхцкіх крытэрыяў з'яўляецца патрабаванне, каб бюджэтны дэфіцыт краіны не перавышаў 3% яе валавога ўнутранага прадукту (ВУП) на працягу параўнальна кароткага прамежку часу. Дзяржаўныя запазычванні не мусяць перавышаць 60% ВУП. Цэны і працэнтныя стаўкі мусяць заставацца стабільнымі цягам доўгага перыяду, таксама як і курсы абмену адпаведных валют.

Студзень 1994 года: заснаванне Еўрапейскага валютнага інстытута

Заснаваны Еўрапейскі валютны інстытут (ЕВІ) і ўведзеныя новыя працэдуры назірання за эканамічнымі сістэмамі краін ЕС і стымулявання іх збліжэння.

Чэрвень 1997 года: Пакт стабільнасці і росту

Пасяджэнне Еўрапейскага савета ў Амстэрдаме дасягнула пагаднення пра Пакт стабільнасці і росту, а таксама пра новы механізм усталявання абменных курсаў (адраджэнне Еўрапейскай валютнай сістэмы), што маюць на мэце стабілізацыю курсу еўра адносна валютаў краін ЕС, якія не ўвайшлі ў зону еўра. Таксама ўзгоднены дызайн "еўрапейскага" боку манет еўра.

Май 1998 года: 11 краін адпавядаюць патрабаванням для ўвядзення еўра

На сустрэчы ў Бруселі 1—3 мая 1998 года палітычныя лідэры саюза вырашылі, што 11 краін ЕС адпавядаюць патрабаванням да ўдзельнікаў зоны еўра. Абвешчаныя канчатковыя курсы абмену валют зоны.

1 студзеня 1999 года: нараджэнне еўра

1 студзеня 1999 года 11 валют краін-удзельніц спынілі існаванне і былі замененыя еўра, які стаў такім чынам агульнай валютай Аўстрыі, Бельгіі, Фінляндыі, Францыі, Германіі, Ірландыі, Італіі, Люксембурга, Нідэрландаў, Партугаліі і Іспаніі (Грэцыя далучылася 1 студзеня 2001 года). Ад гэтай даты Еўрапейскі цэнтральны банк прымае на сябе функцыі ЕВІ і нясе адказнасць за валютна-крэдытную палітыку, якая распрацоўваецца і ажыццяўляецца ў еўра. Абменныя аперацыі ў еўра пачынаюцца 4 студзеня 1999 года паводле курсу прыблізна 1 еўра за 1,18 долара ЗША. Гэтым адзначаны пачатак пераходнага перыяду, які будзе доўжыцца да 31 снежня 2001 года.

1 студзеня 2002 года: увядзенне манет і банкнот еўра

1 студзеня 2002 года банкноты і манеты еўра ўведзены ў абарачэнне. Гэта пачатак перыяду, на працягу якога банкноты і манеты нацыянальных валют будуць выключацца з абарачэння. Перыяд скончыўся 28 лютага 2002 года. Пасля гэтай даты толькі еўра стаў афіцыйнай валютай краін зоны еўра.

Прадстаўніцтва Еўрапейскай камісіі