DataLife Engine > Еўрасаюз > Еўропа ў 12 уроках. Свабода, бяспека і правасуддзе
Еўропа ў 12 уроках. Свабода, бяспека і правасуддзе08.05.2008 - 10.40. Разместил: j-by |
Грамадзяне Еўропы маюць права на вольнае, пазбаўленае страху пераследу і гвалту, жыццё ў любой частцы Еўрапейскага саюза. Тым не менш міжнародная злачыннасць і тэрарызм ўваходзяць у лік фактараў, якія найбольш непакояць сёння еўрапейцаў.Гэтыя праблемы вымагаюць тэрміновых сумесных дзеянняў на ўзроўні ЕС. Зусім відавочна, што Еўрапейскаму саюзу патрэбная палітыка ў галіне правасуддзя і ўнутраных спраў, асабліва зараз, калі пашырэнне прымушае па-новаму падысці да праблемы ўнутранай бяспекі Еўропы. У працэсе стварэння Еўрапейскай эканамічнай супольнасці дзейнасць ЕС у гэтай галіне не абмяркоўвалася. Артыкул 3 Рымскага дагавора проста канстатуе, што Супольнасць мусіць прыняць "захады ў галіне ўезду і руху людзей". Аднак з цягам часу стала зразумела: свабода перамяшчэння павінна азначаць, што кожны паўсюдна у ЕС карыстаецца аднолькавай абаронай і роўным доступам да правасуддзя. Такім чынам, першапачатковыя дагаворы былі змененыя, па-першае, Адзіным еўрапейскім актам, а затым Маастрыхцкім і Амстэрдамскім дагаворамі. Свабода перамяшчэння Асабістая свабода перамяшчэння па ЕС ставіць перад дзяржавамі-удзельніцамі праблемы бяспекі, бо на большасці ўнутраных межаў саюза кантроль скасаваны. Таму варта зрабіць дадатковыя захады ў мэтах бяспекі на вонкавых межах ЕС. А паколькі свабодай руху ў саюзе карыстаюцца і злачынцы, нацыянальныя паліцэйскія сілы і органы юстыцыі ЕС мусяць працаваць супольна дзеля выкаранення міжнароднай злачыннасці. Усе тры канцэпцыі — свабоды, бяспекі і правасуддзя, па сутнасці, моцна знітаваныя. Свабода шмат у чым страчвае сэнс, калі людзі не могуць разлічваць на бяспеку, што ахоўваецца прававой сістэмай, на якую ўсе абапіраюцца ў роўнай ступені. 15—16 кастрычніка 1999 года Еўрапейскі саюз наладзіў адмысловую нараду ў Тамперэ (Фінляндыя), дзе абмяркоўвалася ўсё кола пытанняў, звязаных з юстыцыяй і ўнутранымі справамі. Лідэры краін ЕС дасягнулі пагаднення датычна вельмі дакладнай і амбіцыйнай праграмы дзеянняў, паводле якой належыць правесці да 2004 года мерапрыемствы прыкладна па 60 пунктах, каб ператварыць саюз ў "зону свабоды, бяспекі і правасуддзя". Перад Еўрапейскай камісіяй была пастаўленая задача кантраляваць выкананне праграмы ЕС з выкарыстаннем балавай сістэмы. У Тамперэ разглядаліся наступныя асноўныя пытанні: агульная палітыка ЕС у пытаннях прадастаўлення прытулку і міграцыі; рэальная еўрапейская зона правасуддзя; барацьба са злачыннасцю ў межах саюза; болей актыўныя дзеянні вонкавага характару. Адзін з найважнейшых крокаў у пытанні спрашчэння фармальнасцей, звязаных з пераездамі ў Еўрапейскім саюзе, быў зроблены ў 1985 годзе, калі ўрады Бельгіі, Францыі, Германіі, Люксембурга і Нідэрландаў падпісалі пагадненне ў невялікім гарадку Шэнген на мяжы Люксембурга. Яны дамовіліся скасаваць на агульных межах любы асабісты дагляд, незалежна ад грамадзянства, прывесці меры памежнага кантролю ў адпаведнасць з тымі, што скарыстоўваюцца ў краінах, якія не з'яўляюцца членамі ЕС, і прыняць агульную візавую палітыку. Такім чынам яны сфарміравалі зону без унутраных межаў, вядомую як Шэнгенская зона. Толькі на яе вонкавых межах грамадзяне ЕС мусяць прад'яўляць пасведчанне асобы або пашпарт. Шэнгенскае пагадненне 1985 года, канвенцыя 1990 года па яго ажыццяўленні і ўсе законы, вытворныя ад гэтых пагадненняў, зараз сталі неад'емнай часткай дагавораў аб ЕС, і Шэнгенская зона паступова пашырылася. З сакавіка 2001 года шэнгенскія правілы цалкам выконваюцца Ісландыяй, Нарвегіяй, а таксама 13 краінамі ЕС (Аўстрыяй, Бельгіяй, Даніяй, Фінляндыяй, Францыяй, Германіяй, Грэцыяй, Італіяй, Люксембургам, Нідэрландамі, Партугаліяй, Іспаніяй і Швецыяй). Задача не ў тым, каб стварыць Еўропу-крэпасць, а у тым, каб спрасціць легальны ўезд у Еўрапейскі саюз і вольны рух па ім. Адначасова ЕС поўны рашучасці змагацца з дзейнасцю крымінальных структур, што займаюцца эксплуатацыяй людзей. Палітыка ў галіне прадастаўлення прытулку і іміграцыі Еўропа ганарыцца шматвекавой традыцыяй гасціннасці у адносінах да іншаземцаў і чалавечнай завядзёнкай даваць прытулак уцекачам, што ратуюцца ад небяспекі і пераследу. Зараз урады ЕС стаяць перад надзённым пытаннем, што рабіць з усё большай колькасцю імігрантаў, як легальных, так і нелегальных, на абсягу, што не мае ўнутраных межаў. Урады ЕС дамовіліся ўзгадніць свае заканадаўствы, каб заявы аб прадастаўленні прытулку разглядаліся ў адпаведнасці з сістэмай асноўных прынцыпаў, што аднолькава прызнаюцца ва ўсім Еўрапейскім саюзе. У Тамперэ была вызначаная мэта прыняць агульную працэдуру прадастаўлення палітычнага прытулку і ўсталяваць адзіны рэжым у дачыненні да асобаў, якім гэты прытулак дадзены. ЕС надзеліць імігрантаў правамі і абавязкамі, што аналагічныя правам і абавязкам еўрапейскіх грамадзян. Аб'ём гэтых правоў і абавязкаў будзе змяняцца ў залежнасці ад таго, наколькі доўга тая ці іншая асоба стала жыве на законнай падставе ў Еўрапейскім саюзе. Барацьба з міжнароднай злачыннасцю Дзеля таго каб палітыка барацьбы з міжнароднай злачыннасцю была жыццяздольнай, ЕС мусіць мець эфектыўную сістэму кіравання іміграцыяй, уключна з адпаведным кантролем на вонкавых межах і дзейснымі сродкамі папярэджвання нелегальнай іміграцыі. Неабходная каардынацыя намаганняў, скіраваных на барацьбу з крымінальнымі групоўкамі, што накіроўваюць працу сетак нелегальнай іміграцыі і эксплуатуюць неабароненыя слаі насельніцтва, у прыватнасці жанчын і дзяцей. Арганізаваная злачыннасць становіцца ўсё болей хітрай і рэгулярна выкарыстоўвае дзеля сваіх мэтаў еўрапейскія і міжнародныя камунікацыі. Тэрарызм выразна паказаў, што можа наносіць жорсткія ўдары ў любым пункце зямнога шара. Менавіта таму была створаная Шэнгенская інфармацыйная сістэма. Яна ўяўляе сабой складаную базу звестак, што дазваляе праваахоўным органам і органам правасуддзя абменьвацца інфармацыяй пра асоб і маёмасць, якія знаходзяцца ў вышуку, напрыклад пра скрадзеныя аўтамабілі, творы мастацтва або асоб, у дачыненні да якіх выдадзены ордэр на арышт або накіраванае патрабаванне аб экстрадыцыі. Адным з найболей дзейсных спосабаў злову злачынцаў з'яўляецца адсочванне іх незаконна набытай маёмасці. Дзеля гэтага, а таксама каб спыніць фінансаванне крымінальных груповак, ЕС прыняў заканадаўства датычна папярэджвання адмывання грошай. Несумненна, самым буйным дасягненнем апошніх гадоў у галіне супрацоўніцтва паміж праваахоўнымі органамі было стварэнне Еўрапола. Гэты орган ЕС аб'ядноўвае службовых асоб паліцыі і мытні, і ў яго абавязкі ўваходзіць выкананне законаў ва ўсім Еўрапейскім саюзе. Ён мае справу з самым шырокім колам міжнародных злачынстваў: кантрабандай наркотыкаў, гандлем скрадзенымі аўтамабілямі, нелегальнай іміграцыяй, сексуальнай эксплуатацыяй жанчын і дзяцей, парнаграфіяй, фальшаваннямі, незаконным вывазам радыёактыўных і ядзерных матэрыялаў, тэрарызмам, адмываннем грошай і падробкай еўра. Насустрач еўрапейскаму прававому абсягу Зараз у Еўрапейскім саюзе адначасова працуюць у межах дзяржаў-удзельніц болей за 15 сістэм судаўладкавання. Людзі, жывучы ў краіне, грамадзянамі якой не з'яўляюцца, могуць сутыкнуцца з сямейнымі ці працоўнымі праблемамі, якія мусяць вырашацца ў адпаведнасці з незнаёмай сістэмай права, што яшчэ болей абцяжарвае штодзённае жыццё. Калі саюз зацікаўлены ў вольным руху людзей у сваіх межах і ў забеспячэнні для іх правасуддзя паўсюдна, яго прававыя сістэмы мусяць палягчаць, а не абцяжарваць жыццё асобы. ЕС заснаваў праграмы, скіраваныя на згуртаванне юрыстаў-практыкаў з розных краін саюза. Праграма "Гротыус", напрыклад, дапамагла юрыстам і суддзям даведацца, як працуюць прававыя сістэмы іншых краін ЕС. Праграма "Фальконэ" спрыяла ўсталяванню кантактаў паміж судамі, пракуратурамі, паліцэйскімі і мытнымі службамі Еўрапейскага саюза. Аднак найбольш яскравым прыкладам практычнага супрацоўніцтва ў гэтай галіне з'яўляецца праца цэнтральнай каардынацыйнай структуры — Еўраюста. Яго задача палягае ў тым, каб спрыяць узаемадзеянню нацыянальных следчых і пракурорскіх органаў у расследаванні злачынстваў, якія закранаюць некалькі краін ЕС. Узаемадзеянне паміж судамі ў розных краінах можа ўскладняцца розніцай у вызначэнні асобных злачынных дзеянняў. Аднак міжнародная злачыннасць, у тым ліку тэрарызм, не ведае нацыянальных межаў. Каб дзейсна змагацца з ім, саюз паступова ўкараняе агульную палітыку пакарання. Мэта — стварыць адзіную нарматыўна-прававую базу ў пытанні барацьбы з тэрарызмам, гарантаваць высокі ўзровень абароны сваіх грамадзян і актывізаваць міжнароднае супрацоўніцтва ў гэтай галіне. Да 1997 года такія пытанні, як палітычны прытулак і іміграцыя, кантроль перасячэння вонкавых межаў (візы) і супрацоўніцтва судоў у грамадзянскіх і камерцыйных справах, уваходзілі ў сферу прамога ўзаемадзеяння ўрадаў краін ЕС. Аднак Амстэрдамскі дагавор перавёў гэтыя пытанні з галіны міжурадавага супрацоўніцтва ў кампетэнцыю Супольнасці, каб яны маглі вырашацца болей дзейсна праз скарыстанне выпрабаванай методыкі Супольнасці. Аднак гэты крок быў абстаўлены шэрагам умоў: пяцігадовы пераходны перыяд, права ініцыятывы, якім сумесна карыстаюцца Камісія і дзяржавы-удзельніцы, аднагалоснае прыманне рашэнняў, выключна кансультацыйная роля Еўрапейскага парламента, абмежаванне паўнамоцтваў Суда Еўрапейскіх супольнасцей. Адна сфера ўсё ж застаецца выключна міжурадавай — супрацоўніцтва органаў паліцыі і правасуддзя ў крымінальных пытаннях. Згодна з Маастрыхцкім дагаворам, дзейнасць урадаў краін ЕС у гэтай галіне, адчувальнай у сэнсе нацыянальнага суверэнітэту, каардынуе Савет. Камісія дзеліць тут права ініцыятывы з дзяржавамі. У Тамперэ палітычныя лідэры ЕС паставілі мэту стварыць зону свабоды, бяспекі і правасуддзя да канца 2004 года. Прадстаўніцтва Еўрапейскай камісіі |