DataLife Engine > Еўрасаюз > Еўропа ў 12 уроках. Якая будучыня Еўропы?

Еўропа ў 12 уроках. Якая будучыня Еўропы?


10.05.2008 - 08.48. Разместил: j-by
Еўропа ў 12 уроках. Якая будучыня Еўропы?"Надыдзе дзень, калі ўсе нацыі кантынента, захаваўшы свае адметныя рысы і выдатную непаўторнасць, зліюцца ў саюз болей высокага кшталту і створаць еўрапейскае братэрства. Надыдзе дзень, калі не застанецца іншых палёў змагання, акрамя палёў змагання думкі — адкрытых рынкаў абмену ідэямі. Надыдзе дзень, калі кулі і бомбы будуць замененыя галасаваннем".

Віктор Гюго прамовіў гэтыя прарочыя словы ў 1849 годзе. Спатрэбілася болей за стагоддзе, каб ідэя, што здавалася утапічнай, пачала ажыццяўляцца. За гэты час дзве сусветныя вайны і безліч іншых канфліктаў на еўрапейскай зямлі забралі мільёны жыццяў. Быў час, калі здавалася, што надзеі болей няма. Сёння Еўропа ўваходзіць у ХХІ стагоддзе са святлейшымі перспектывамі і адроджанай надзеяй. Аднак новае стагоддзе нясе таксама новыя цяжкасці і праблемы.

Пашырэнне саюза да 25 дзяржаў прасоўвалася згодна з графікам, вызначаным інстытутамі ЕС. Са слоў палітычнага дзеяча адной з новых дзяржаў-удзельніц, "Еўропе нарэшце пашанцавала прымірыць сваю гісторыю з геаграфіяй". На працягу 2007—2015 гадоў мусіць адбыцца далейшае пашырэнне Еўрапейскага саюза. А пакуль што яго лідэрам трэба будзе, беручы пад пільную ўвагу грамадскую думку, вырашыць, дзе ў выніку мусяць праходзіць геаграфічныя, палітычныя і культурныя межы саюза.

Пагадненне аб заснаванні ЕС уяўляе сабой пакт паміж суверэннымі дзяржавамі, што вырашылі абраць агульны лёс і ўкладаць у агульную справу ўсё большую долю свайго суверэнітэту. Гэта тычыцца найболей актуальных для народаў Еўропы пытанняў: міру, бяспекі, прадстаўнічай дэмакратыі, правасуддзя і салідарнасці. Гэты пакт знаходзіць падтрымку і пацвярджэнне ва ўсёй Еўропе: паўмільярда чалавек палічылі за лепшае жыць пад уладай закону згодна з адвечнымі каштоўнасцямі, у цэнтры якіх знаходзяцца гуманізм і чалавечая годнасць.

Цяперашняя тэхналагічная рэвалюцыя радыкальна пераўтварае жыццё індустрыяльнага свету, у тым ліку Еўропы. Пры гэтым яна выклікае новыя праблемы, што выходзяць за нацыянальныя межы. Паасобку дзяржавы не ў стане эфектыўна вырашаць такія праблемы, як устойлівае развіццё, дэмаграфічная дынаміка і неабходнасць сацыяльнай салідарнасці. Сама па сабе палітыка асобных дзяржаў не можа забяспечыць эканамічны рост, а іх урады не ў стане даць этычны адказ на сусветны прагрэс у навуках аб жыцці. Забруджванне акіянаў нафтапрадуктамі ў выніку аварый нафтаналіўных суднаў або рызыка ядзерных катастроф кшталту чарнобыльскай вымагаюць калектыўных папераджальных захадаў, што ахоўвалі б агульнаеўрапейскія каштоўнасці і ашчаджалі іх дзеля наступных пакаленняў.

Пашыраны Еўрапейскі саюз з'яўляецца часткай свету, які хутка ды радыкальна мяняецца і мае патрэбу ў новай стабільнасці. Еўропа адчувае на сабе ўзрушэнні, што адбываюцца на іншых кантынентах, хай сабе гэта адраджэнне рэлігійнага радыкалізму ў ісламскім свеце, эпідэміі і голад у Афрыцы, цяга да аднабаковага прымання рашэнняў у Паўночнай Амерыцы, эканамічныя крызісы ў Лацінскай Амерыцы, дэмаграфічны выбух у Азіі ці глабальны рух вытворчасцей і працоўных месцаў.

Еўропе трэба не проста засяроджвацца на ўласным развіцці, але і быць цалкам уключанай у працэс глабалізацыі. Маючы ўсе падставы ганарыцца сваімі дасягненнямі ў гандлёвай палітыцы, Еўрапейскі саюз усё яшчэ мусіць прайсці доўгі шлях, перш чым здолее прэтэндаваць на выказванне адзінай думкі або на давер да сябе ў якасці суб'екта сусветнай палітыкі.

Інстытуты ЕС даказалі сваю жыццяздольнасць, аднак яны мусяць быць прыведзеныя ў адпаведнасць з усё большым аб'ёмам задач, што стаяць перад саюзам, які пашыраецца. Чым болей краін уваходзяць у ЕС, тым мацнейшыя цэнтрабежныя сілы, што пагражаюць яго разарваць. Кароткатэрміновыя меркаванні нацыянальных інтарэсаў могуць вельмі лёгка парушыць доўгатэрміновыя прыярытэты ўсяго саюза. Вось чаму ўсе ўдзельнікі гэтай беспрэцэдэнтнай справы мусяць несці сваю адказнасць і дзейнічаць такім чынам, каб інстытуцыйная сістэма ЕС працягвала працаваць эфектыўна. Любая значная змена існуючай сістэмы павінна забяспечваць павагу да еўрапейскага плюралізму. У рэшце рэштаў, найболей каштоўным здабыткам Еўропы з'яўляецца яе разнастайнасць — шматлікія адметныя рысы яе нацый. Рэформы павінны таксама ахапіць працэс прымання рашэнняў. Патрабаванне аднадушнасці проста паралізавала б гэты працэс. Адзіная працуючая сістэма — гэта палітычна-прававая сістэма, заснаваная на мажарытарным галасаванні і прынцыпе ўзаемазалежнасці і ўзаемаабмежавання заканадаўчай, выканаўчай і судовай улады.

Праект Канстытуцыі, падрыхтаваны Канвентам, скіраваны на спрашчэнне дагавораў і павышэнне празрыстасці сістэмы прымання рашэнняў у ЕС. Грамадзяне ЕС жадаюць ведаць, хто і за што адказвае ў Еўропе, і адчуваць, што яна адпавядае іх штодзённым спадзяванням. Толькі ў гэтым выпадку людзі падтрымаюць ідэю еўрапейскай інтэграцыі і будуць зацікаўленыя браць удзел у еўрапейскіх выбарах. Праект Канстытуцыі ўносіць пэўнасць у пытанне пра тое, якія паўнамоцтвы і абавязкі належаць ЕС, якія — яго дзяржавам, а якія — мясцовым уладам. Ён недвухсэнсоўна абвяшчае, што еўрапейская інтэграцыя грунтуецца на легітымнасці двух відаў — непасрэдна выказанай волі людзей і легітымнасці нацыянальных урадаў. Нацыянальная дзяржава па-ранейшаму застаецца легітымным падмуркам функцыянавання еўрапейскіх грамадстваў.

Канстытуцыя з'яўляецца яшчэ адным важным крокам да кансалідацыі нацый і народаў Еўропы. Ці з'явіцца гэта фінальным этапам вялікага праекта, прадугледжанага бацькамі-заснавальнікамі ЕС? Ці палітычныя структуры Еўропы будуць эвалюцыянаваць і далей, ідучы насустрач свайму лёсу? Хто ведае!

Прадстаўніцтва Еўрапейскай камісіі