
З вялікім поспехам у польскім горадзе Ўроцлаве скончыліся дні беларускай культуры. Мерапрыемства, якое ладзілася ўжо ў пяты раз, выклікала вялікую зацікаўленнасць жыхароў горада.
Пачаўся фэст беларускай культуры ў чацвер 19 чэрвеня ў Музеі Архетэктуры канцэртам фолк-музыкаў.
У пятніцу на ўроцлаўскім вакзале распачала сваю працу фотавыстава “Мая Беларусь” Алены Курсевіч і Змітра Яблонскага. Работы, якіх на выставе было 40, адлюстроўваюць беларускую рэчаіснаць, нясуць ў сабе сонечную цяплыню, цяплыню кахання да Радзімы. У аўтараў атрымалася паказаць гледачам часцінку сваёй уласнай Беларусі, такой роднай і такой незразумелай… Выстава вельмі спадабалася і простым вандроўнікам, якія ідучы на свае цягнікі з задавальненнем спыняліся і атрымлівалі асалоду ад прац беларускіх фотамастакоў.
Выстава працягнецца да пачатку ліпеня.
У той жа дзень у палацы Асалінскіх прайшла дыскусія на тэму развіцця культуры і грамадскай самасвядомасці Беларусі. У ёй прынялі ўдзел вядомыя польскія журналісты, аўтары кнігі пра Беларусь “Размовы з беларускай інтэлігенцыяй” Малгажата Ноцунь і Анджэй Бжэзецкі; дэпутат Еўрапарламенту, член камітэту па справах Беларусі Яцэк Пратасевіч ды кіраўнік тэлеканалу Белсат Агнешка Рамашэўска.
Спадарыня Рамашэўска заўважыла, што беларуская культура зараз апынулася пад пагрозай русіфікацыі, якая на самой справе значыць “саветызацыя”. Таксама вялікай праблемай з’яўляецца адсутнасць даверу паміж людзьмі.
“Большасць беларусаў-апазіцыянеры, але толькі на ўласнай кухні.” - заўважыла спадарыня Рамашэўска.
Журналістка Малгажата Ноцунь так ахарактэрызавала палітычную сітуацыю ў Беларусі:
“Адзіныя вольныя выбары ў Беларусі прайшлі ў 1994 годзе. Пасля гэтага выбараў і выбара беларусам не пакінулі. Але гэта народ, які можа ўзбунтавацца, і 1996 год гэта яскрава паказаў.
Дэпутат Еўрапарламенту Яцэк Пратасэвіч заўважыў, што беларускія ўлады самі вінаватыя ў тым, што зараз “засталіся адзін на адзін з Газпрамам”.
“Ніякага дыялогу, ніякага паляпшэння візавых умоў для жыхароў Беларусі ня можа быць пакуль улада не выканае асноўныя патрабаванні Еўрасаюзу. Нашая бліжэйшая мэта зараз - гэта свабодныя парламенцкія выбары і спыненне рэпрэсій. Толькі тады можна будзе аб нечым размаўляць з беларускім рэжымам.
Самую вялікую цікавасць, безумоўна, выклікаў канцэрт “Рок за свабоду” які адбыўся у субботу на Алімпійскам стадыёне Ўроцлава. У якасці спецыяльных гасцей были запрошаны гурты N.R.M ды легендарны польскі гурт KULT.
Выступ беларускі рок-легенд быў цёпла сустрэт і палякамі і беларусамі, якія жывуць ва Ўроцлаве.
Падчас раздачы аўтографаў лідэр N.R.M. Лявон Вольскі адказаў на некаторыя пытанні слухачоў.
-Што зьмянілася пасля вашага пахода да Пралескоўскага?-Мы змаглі зайграць колькі канцэртаў. Стала лягчэй дамаўляцца з арганізатарамі. Таму не шкадуем што зрабілі гэты крок.
-Ці не лічаце вы, што тым самым здрадзілі вялікай часцы сваіх слухачоў?-Не, я так не лічу. Мы не адмаўляліся і не адмовімся ад сваіх слухачоў і сваіх песен і сэнсу які ў іх укладаем. Мы не першы раз хадзілі да высокіх чыноўнікаў. Гэта не была "чэлабітная". Мы ішлі вызначыць ўсе пытанні,паставіць "кропкі над і". Мы жадалі пачуць:ці можам мы іграць,а калі не,то чаму?! Таму пра здраду размовы ісці ня можа. Мы проста вызначалі ўсе моманты,каб не было недамовак.
-Ну добра... але калі зноў беларусы выйдуць на Плошчу каб змагацца за свае правы і свабоду, вы прыйдзіце і зайграеце? Ці абяцанне не граць на палітычных акцыях даражэй?-Не факт, што мы зможам зайграць, бо нам проста не дазволяць усталяваць апаратуру. Але мы безумоўна будзем там, як простыя людзі,як жыхары сваёй краіны. І зайграем калі атрымаецца.
Завершыўся фестываль беларускай культуры ў нядзелю прэзентацыяй вялікай анталогіі беларускай паэзіі XV-XX стагодзяў у якой прынялі ўдзел Уладзімір Арлоў,Андрэй Хадановіч і Ўладзімір Някляеў.
Аляксандр Баразенка