16 верасня 2005 году над натоўпам людзей, які выйшаў каб запытацца пра лёс ахвяраў рэпрэсій, была ўзнята джынсавая кашуля. Тады ж лідэры апазіцыі абвесцілі пра Дзень Салідарнасці. Кожны месяц 16-га чысла мы выходзілі на вуліцы, запальвалі свечкі, нагадвалі пра тое, што ў нашай краіне ёсць палітычныя вязні. Мы ўсе разумелі, што менавіта салідарнасць дапаможа іх вызваленню і, у выніку, пераможа зло. І вось 16 жніўня, ў дзень беларускай салідарнасці, атрымаў свабоду Аляксандр Казулін.
Ён у сваім змаганні рабіў крокі, не характэрныя для большасці беларускіх палітыкаў, ішоў да апошняга. Улада не магла мірыцца з тым, каб гэты чалавек заставаўся на волі. Увесну 2006-га да шэрагу партрэтаў, з якімі выходзілі на вуліцы маладзёжныя актывітсы, дадаўся і партрэт Казуліна. Яго ставілі ў прыклад іншым, за яго змагаліся, - упарта, доўга, крок за крокам ішлі да мэты.
Многія казалі: дробныя акцыі, якія ладзяцца 16-га чысла, не прынясуць карысці, свечкамі і пікетамі ўладу не пераможаш. Зараз кажуць: вызваленне Казуліна - гэта вынік ціску Захаду, адна з акцый новага піяршчыка рэжыму Бэла.
Але важна разумець: ціск міжнароднай супольнасці магчымы толькі ў тым выпадку, калі ёсць ціск унутраны, калы ў самой Беларусі апазіцыя змагаецца за вызваленне сваіх. Палітвязні ёсць шмат дзе ў свеце. Але, калі не заўважная барацьба ўнутры краіны за іх вызваленне, то маўчыць і міжнародная супольнасць.
Сёння, дзякуючы акцыям салідарнасці, увесь свет ведае пра тое, што ў Беларусі ёсць людзі, якія знаходзяцца за кратамі за свае пагляды.
16 жніўня Аляксандр Казулін выйшаў з турмы дзякуючы змаганню моладзі за яго вызваленне, дзякуючы міжнароднай салідарнасці. Але за кратамі яшчэ знаходзяцца Андрэй Кім і Сяргей Парсюкевіч. Перыядычна арыштоўваюць маладзёжных актывістаў проста на вуліцах. У турме можа апынуцца кожны.
Але заўсёды ўлада стаіць перад выбарам ці кінуць за краты актывіста апазіцыі і гэтым выклікаць новыя акцыі салідарнасці, якія прывядуць да ўзмацнення ціску на яе, ці пакінуць яго на волі. Таму сёння, калі мы выходзім на вуліцы з партрэтамі палітычных вязняў, мы ня толькі змагаемся за іх вызваленне, але і перасцерагаем рэжым ад новых рэпрэсіяў.
Улада добра ведае, што салідарнасць заўсёды перамагае. Аб гэтым павінны заўсёды памятаць і мы! |