Павел Лукша выйшаў на волю з турмы на вуліцы Акрэсціна сёння раніцай. Нагадаем, малады чалавек быў асуджаны на 10 сутак арышту за распаўсюд улётак з заклікам да байкоту "выбараў" у палату прадстаўнікоў. Прысуд вынес суддзя Ленінскага суду Міхаіл Хома.
"28 жніўня я, як звычайна прыйшоў на працу, - распавядае Павел пра сваё затрыманне. - Праз некалькі хвілі пасля таго, як я падыйшоў да свайго станку, з'явіліся начальнік цэха з двумя супрацоўнікамі міліцыі ў цывільным. Яны даставілі мяне ў РУУС Ленінскага раёну, а пасля - у суд.
У "Цэнтры ўтрымання правапарушальнікаў я быў ужо ў 12 гадзінаў. Я там першы раз, таму да многіх рэчаў было складана прывыкнуць, асабліва да ежы. Вельмі нязручна спаць на дошках, тым больш, што пакуль мне не перадалі цёплыя рэчы, было вельмі халодна. Разам са мной у камеры было каля 10 чалавек, асуджаных за дробнае хуліганства". |