Першыя ўдзельнікі пачалі збірацца на Крапівенскім полі яшчэ ўдзень 7-га верасня, нягледзячы на тое, што пачатак фэсту быў прызначаны на 20.00. Пакуль госці ставілі наметы, аршанскія актывісты майстравалі сцэну для выступоўцаў і рыхтавалі гукаўзмацняльную апаратуру. Намётавы летнік пачаў расьці з кожнай гадзінай, і неўзабаве над ім ўзьвіліся бел-чырвон-белыя сьцягі. Сцягі прыцягнулі ўвагу міліцыянтаў, якія дзяжурылі наводдаль, назіраючы за падрыхтоўкай да фэсту. Супрацоўнікі Аршанскага РАУСу, спаслаўшыся на загад кіраўніцтва, загадалі зняць сьцягі, у супрацьлеглым выпадку пагражаючы масавымі затрыманнямі. Пэўны час аматары спеваў спрачаліся з ахоўнікамі правапарадку, якія выклікалі падмацаванне: на полі зьявіўся начальнік Аршанскага райаддзелу міліцыі Леанід Міхайлаў і штатны відэааператар з камерай, які зняў усіх прысутных на полі. Спадар Міхайлаў загадаў канфіскаваць наяўныя сцягі, паабяцаўшы вярнуць іх гаспадарам па сканчэнні фэсту. Міліцыянты спрабавалі знайсці арганізатараў імпрэзы, каб ускласці на іх адказнасьць за выкарыстанне незарэгістраванай сімволікі. Адзін сцяг міліцыянты забралі, але самы вялікі – той, што ўпрыгожваў сцэну, запатрабаваць зняць не наважыліся.
У мінулым годзе фэст ледзьве ня быў сарваны: напярэдадні міліцыя распаўсюдзіла інфармацыю, што на месцы, дзе зазвычай праходзіць фэст, знайшлі міны і снарады. Фэст вырашылі перанесці ў іншае месца, але міліцыянты, у аўральным парадку звезеныя на Аршаншчыну з трох бліжэйшых раёнаў, загадвалі людзям з пляцакамі і гітарамі разварочвацца і кіравацца дадому. Некалькі дзесяткаў актывістаў былі затрыманыя.
За прамінулы год неаднаразова выказваліся меркаваньні, што фэст “Аршанская бітва” ужо не адновіцца пасьля міліцэйскага разгону – што людзі проста больш на яго не зьбяруцца. Аднак людзі прыехалі, хаця сёлетні фэст атрымаўся й ня самым масавым за ўсю ягоную гісторыю: паслухаць выступоўцаў і пасьпяваць сабралася каля 150-ці чалавек.
паводле "Радыё Свабода" |