Берасцейскі актывіст кампаніі Яўген Скрабец на працягу пяці сутак быў двойчы асуджаны і дапытаны па крымінальнай справе, а падчас зняволення у яго кватэры прайшоў вобыск.
Пра абставіны затрымання і падзеі, што адбыліся пасля, Яўген распавядае нашаму сайту.
- Мяне і маладафронтаўца Міхася Ільіна затрымалі а 2 гадзіне ночы 15 верасня на праспекце Рэспублікі, каля адміністрацыі Маскоўскага раёну Берасця. У гэты час мы нічога супрацьзаконнага не рабілі, вярталіся дадому пешшу. Затрыманне адбывалася даволі жорстка. Міліцыянты, якія не прадставіліся, паклалі нас тварам да зямлі, у мяне адразу забралі заплечнік. У такім стане мы правялі амаль поўгадзіны, пакуль не прыехала яшчэ адна машына. Нам пагражалі, што натравяць сабаку, распавядалі як нам можна паламаць пальцы.
Праз гадзіну нас даставілі ў Маскоўскі РАУС, паспрабавалі ўзяць тлумачэнні, але мы адмовіліся, сказалі, што ніякіх папер, апроч пратаколу, падпісваць не будзем. Тады нас да раніцы закінулі ў клетку. Міліцыянты ў РАУС сказалі, што абвінавачваюць нас у нанясенні графіці "Байкот", але а 8 гадзіне ранку мы даведаліся, што на нас складаюць пратаколы за дробнае хуліганства. - быццам бы я лаяўся матам.
Пасля нас павялі да журналістаў Берасцейскага тэлебачання, якія спрабавалі даведацца адкуль мы бярэм налепкі і ў чым сэнс кампаніі "Байкот".
Суд адбыўся а 14 гадзіне. Нягледзячы на тое, што ён быццам бы быў адкрытым, большая частка нашых сяброў на яго не змагла патрапіць. Суддзя Харытнюк асудзіў нас абодвух да 5 сутак зняволення. Сведкамі былі міліцыянты Шарымаў і Кавалёў.
Нас вярнулі ў РАУС, дзе склалі яшчэ адзін пратакол - ужо за нанясенне графіці "Байкот". Толькі а 2 гадзіне ночы мы былі дастаўленыя ў Ізалятар Часовага Утрымання. Увесь час ад моманту затрымання нас ніводнага разу не пакармілі, не далі пазваніць нават адвакату. Сёння я даведаўся, што нашыя сябры вельмі доўга не маглі нас знайсці.
Праз 2 сутак адбыўся яшчэ адзін суд, на які нас даставілі з ІЧУ. Зразумела, што аб гэтым не было паведамлена ні адвакатам ні сваякам. Судзілі за нанясенне графіці. Цікава, што з пратакола і паказанняў міліцыянтаў - сведак вынікала, што мы гэта рабілі ўдвох адным балончыкам у 3.15 ночы 15 верасня (у гэты час мы знаходзіліся ў Маскоўскім РАУС). Суддзя не звярнуў увагі на такія недарэчнасці і прысуддзіў нам абодвум па 1200000 рублёў штрафу.
На наступны дзень мяне выклікалі на допыт па крымінальнай справе аб крадзяжы аўтамагнітолы, які адбыўся 23 жніўня.
Калі я выйшаў на волю, даведаўся, у што ў маю адсутнасць, у кватэры бацькоў быў праведзены вобыск. Міліцыянты канфіскавалі вінчэсцер з кампутара, кампакт-дыскі, некалькі газетаў і кніг, запісныя кніжкі. Пры гэтым, спачатку яны патлумачылі, што шукаюць наркотыкі. У Міхася таксама прайшоў вобыск, быў сканфіскаваны ноўтбук. |